Папа Францішак заклікаў адзначыць Тыдзень “Laudato si’”

Папа заклікаў католікаў па ўсім свеце з 16 па 24 мая 2020 г. прыняць удзел у экалагічнай ініцыятыве Тыдзень “Laudato si’” (Laudato si’ Week), прымеркаванай да 5-годдзя яго аднайменнай энцыклікі.

“Які свет жадаем пакінуць тым, хто прыйдзе пасля нас, падрастаючаму пакаленню?”, — кіруючыся гэтым пытаннем, Папа вырашыў абвесціць аб правядзенні акцыі, далучыцца да якой запрашаюцца каталіцкія парафіі, манаскія супольнасці, дыяцэзіі, навучальныя ўстановы і іншыя структуры.

“Гэта будзе сусветная кампанія з нагоды 5-годдзя энцыклікі “Laudato si’”, прысвечаная клопату пра супольны дом. У чарговы раз заклікаю неадкладна адказаць на экалагічны крызіс, на плач зямлі і бедных, якія больш не могуць чакаць. Будзем жа клапаціцца пра стварэнне, дар нашага добрага Бога-Стварыцеля! Адзначым разам Тыдзень “Laudato si’”!”, — сказаў Францішак у сваім спецыяльным відэапасланні.

Ініцыятыва пройдзе пад патранатам Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. У яе рамках каталіцкія супольнасці закліканы прааналізаваць свае дзеянні на карысць аховы навакольнага асяроддзя і зрабіць наступныя крокі ў гэтым напрамку. Рэкамендацыі і матэрыялы для арганізацыі Тыдня змешчаны на адмысловым сайце.

24 мая, у апошні дзень ініцыятывы, Францішак наведае італьянскую дыяцэзію Ачэра, у правінцыі Неапаль. Гэты раён вядомы пад назвай Тэра-дэі-Фуокі (Зямля агнёў) – тут прамыслова спальваюць смецце, прычынай чаго з’яўляецца вялікая колькасць таксічных выкідаў, якія забруджваюць атмасферу і шкодзяць здароўю людзей.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку