Папа Францішак: за суровасцю хрысціяніна крыюцца сур’ёзныя праблемы

Быць пільнымі хрысціян, якія дэманструюць сябе суровымі і заўсёды дасканалымі, заклікаў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую 16 кастрычніка цэлебраваў у Ватыкане.

У гаміліі Папа Францішак спаслаўся на літургічнае чытанне з Евангелля св. Лукі, у якім апавядаецца, як Езус узлёг за сталом не абмыўшы рук, як гэтага патрабавалі юдэйскія абрадавыя прадпісанні (Лк 11, 37-41). Сваімі паводзінамі Ён выклікаў абурэнне фарысея, у доме якога знаходзіўся.

Фарысеі з’яўляюцца прыкладам фармалізму. Гэта людзі, якім “не хапала жыцця”, якія былі заўсёды “накрухмленыя”, вельмі суровыя і пастаянна абураліся, калі Езус прабачаў грахі ці аздараўляў хворых у шабат. Іх цікавілі не людзі, а правілы і прадпісанні.

Пантыфік спаслаўся на словы Езуса: “Цяпер вы, фарысеі, звонку ачышчаеце кубкі і місы, а нутро вашае напоўнена драпежнасцю і злосцю”. Папа зазначыў, што Хрыстус заўсёды выказваўся прама, не шкадуючы “кампліментаў” для фарысеяў, якіх турбавала толькі вонкавае. “Езус адрознівае знешняе ад унутранай рэчаіснасці. Гэтыя людзі былі “настаўнікамі вонкавасці”, — звярнуў увагу Папа Францішак.

Святы Айцец зазначыў, што фарысеі – вельмі небяспечныя людзі, гатовыя нават на забойства. “Яны здольныя плаціць, каб забіваць ці распускаць плёткі, як робіцца сёння. Таксама і ў нашыя дні яны робяць так: плацяць за кепскія навіны, навіны, якія плямяць іншых людзей”, — сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што за суровасцю фарысеяў, за іх жаданнем заўсёды выглядаць дасканала, прыхарошвацца, крыюцца сур’ёзныя праблемы. “Там няма Езуса. Там ёсць дух гэтага свету”, — дадаў ён.

“Будзьце ўважлівымі да суровых людзей. Будзьце ўважлівымі да хрысціян – як свецкіх, так святароў і біскупаў, – якія дэманструюць сябе як “дасканалых”, суровых. Будзьце пільнымі. Тут няма Божага Духа. Тут не хапае духа свабоды. І будзем уважлівымі да саміх сябе, бо гэта павінна падштурхнуць да разважання аб нашым жыцці”, — заклікаў да рахунку сумлення Папа.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку