Папа Францішак: выбраць шлях Бога, а не ўласнага эга

Няма такога цяжкога пад’ёму і такой ночы, якіх немагчыма было б пераадолець разам з Езусам, — нагадаў Францішак перад малітвай “Regina Coeli”, якая 26 красавіка 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

Прапануем поўны пераклад на беларускую мову разважання Святога Айца, якое прагучала з бібліятэкі Апостальскага палаца:

“Сённяшняе Евангелле, актуальнае ў пасхальныя дні, распавядае эпізод пра вучняў з Эмаус (пар. Лк 24,13-35). Гэта гісторыя пачынаецца і завяршаецца ў дарозе. Сапраўды, мы бачым падарожжа вучняў, якія, засмучаныя канцоўкай гісторыі Езуса, пакінулі Ерузалем і вярталіся дамоў, у Эмаус, ідучы каля адзінаццаці кіламетраў. Гэта падарожжа адбывалася днём, а большую частку дарогі складала сыходжанне па схіле ўніз. А потым мы бачым зваротны шлях: іншыя адзінаццаць кіламетраў, але пройдзеныя з надыходам ночы, з добрай часткай дарогі, што ішла ўгару, пасля цяжкога шляху наперад на працягу ўсяго дня.

“Два падарожжы: адно лёгкае – днём, а другое цяжкое – ноччу. Тым не менш першае прайшло ў смутку, а другое – у радасці. Падчас першага падарожжа быў Пан, які крочыў побач з імі, але яны не пазнавалі Яго; а падчас другога – яны больш не бачылі Яго, але адчувалі, што Ён блізка. Падчас першага падарожжа яны былі засмучаныя і не мелі надзеі; падчас другога – беглі, каб прынесці іншым цудоўную навіну пра сустрэчу з Уваскрослым Езусам.”

Два адрозныя шляхі гэтых першых вучняў кажуць нам, сучасным вучням Езуса, што ў жыцці мы маем перад сабой два супрацьлеглыя кірункі: шлях тых, хто паддаецца паралізуючым нас жыццёвым няўдачам і які працягваецца ў смутку, як у двух вучняў па дарозе наперад, і шлях тых, хто не ставіць на першае месца самаго сябе і свае праблемы, але Езуса, які нас адведвае, і братоў, якія чакаюць іх візіту, якія чакаюць, што паклапоцімся пра іх.

“Вось пераломны момант: перастаць рухацца вакол уласнага “я”, расчараванняў мінулага, няспоўненых ідэалаў, і многіх іншых дрэнных рэчаў, якія адбыліся ў нашым жыцці. Трэба пакінуць гэта і крочыць наперад, гледзячы на больш вялікую і сапраўдную рэальнасць жыцця: Езус жывы, Езус любіць мяне.”

Гэта большая рэчаіснасць, у якой можам зрабіць нешта для іншых. Гэта рэчаіснасць сапраўдная, станоўчая, сонечная, прыгожая! Разварот заключаецца ў гэтым: перайсці ад думак пра сваё “я” да рэальнасці майго Бога; іншымі словамі перайсці ад “калі б” да “так”. Што гэта значыць? – Трэба перайсці ад “калі б”: “Калі б Ён вызваліў нас, калі б Бог выслухаў мяне, калі б жыццё ішло так, як хацеў я, калі б я меў тое ці іншае…”, нараканні… Гэтыя “калі б” – непатрэбныя, бясплённыя, не дапамагаюць ні мне, ні іншым. Вось нашыя “калі б”, падобныя на тыя, што мелі два вучні, якія, аднак, перайшлі да “так”: “Так, Пан – жывы, Ён крочыць з намі. Так, цяпер, а не заўтра, мы вырушым зноў у дарогу, каб абвяшчаць Яго. Я магу рабіць гэта, каб рабіць людзей шчаслівымі, лепшымі, каб дапамагаць многім людзям. Так, я магу.

“Перайсці ад “калі б” да “так”, ад нараканняў да радасці і міру, бо калі наракаем, тады не прабываем у радасці, а ў шэрасці, у шэрай атмасферы смутку. Гэта нават перашкаджае добра развівацца. Трэба перайсці ад “калі б” да “так”, ад нараканняў да радасці служэння.”

Якім чынам адбыўся ў вучнях гэты пераход ад “я” да Бога, ад “калі б” да “так”? – Дзякучы сустрэчы з Езусам. Двое з Эмаус спачатку адкрылі Яму свае сэрцы; потым слухалі як Ён тлумачыў Святое Пісанне; а затым запрасілі Яго ў дом. Гэта тры крокі, якія можам зрабіць таксама і мы ў нашых дамах. Першы – адкрыць сэрцы Езусу, даверыць Яму жыццёвыя цяжкасці, складанасці, расчараванні, даверыць Яму нашы “калі б”. Другі крок – слухаць Езуса, узяць у рукі Евангелле, прачытаць сёння той самы ўрывак, у дваццаць чацвёртым раздзеле Евангелля св. Лукі; трэці – маліцца да Езуса тымі ж словамі, якімі маліліся вучні: “Пане, застанься з намі”, з усімі намі, бо патрабуем Цябе, каб знайсці дарогу. Без Цябе – ноч.

Дарагія браты і сёстры, у жыцці мы заўсёды знаходзімся ў дарозе і становімся тым, да чаго крочым. Выбярэм шлях Бога, а не шлях уласнага “я”; шлях “так”, а не “калі б”. Адкрыем, што няма такога непрадбачанага, няма такога пад’ёму, няма такой ночы, якую б немагчыма было пераадолець з Езусам. Няхай Багародзіцца, Маці ў дарозе, якая прымаючы Божае слова ўсім сваім жыццём сказала “так” Богу, указвае нам шлях”.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку