Папа Францішак: восем благаслаўленняў – надзейны шлях да шчасця

Евангельскія благаслаўленні будуць тэмай новага катэхетычнага цыкла Папы Францішка. Пантыфік заўважыў, што менавіта з іх Езус распачаў сваё знакамітае Нагорнае казанне.

“Цяжка застацца абыякавым да гэтых слоў, таму слушным з’яўляецца жаданне зразумець іх і прыняць яшчэ паўней. Яны ўтрымліваюць у сабе “пашпарт” хрысціяніна, бо акрэсліваюць аблічча самога Езуса, Яго лад жыцця”, — сказаў Святы Айцец 29 студзеня 2020 г., падчас агульнай аўдыенцыі, што прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.

“У першую чаргу, важна тое, як было абвешчана гэта пасланне: Езус, убачыўшы натоўп, што ішоў за Ім, узышоў на спадзісты схіл, які акружаў Галілейскае возера, сеў і, звяртаючыся да сваіх вучняў, абвясціў благаслаўленні. Пасланне было адрасавана вучням, але на гарызонце былі натоўпы, гэта значыць усё чалавецтва. Гэта пасланне да ўсяго чалавецтва”, — падкрэсліў Пантыфік.

Папа Францішак параўнаў галілейскія пагоркі, дзе прапаведаваў Езус, з гарой Сінай, на якой Бог уручыў Майсею Дзесяць запаведзей. Езус пачаў вучыць новаму закону: быць беднымі, быць лагоднымі, быць міласэрнымі…

“Гэтыя “новыя запаведзі” з’яўляюцца нашмат больш, чым проста нормамі. Сапраўды, Езус не навязваў нічога, але паказваў шлях да шчасця – Яго шлях, – паўтараючы восем разоў слова “шчаслівыя””— заўважыў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на тое, што кожнае благаслаўленне складаецца з трох частак. Спачатку ідзе слова “шчаслівыя”; потым узгадваецца сітуацыя, у якой яны знаходзяцца: убогасць духам, засмучанасць, голад, прага справядлівасці і г.д.; напрыканцы змяшчаецца прычына благаслаўлення са злучнікам “бо”.

“Трэба ўважліва паставіцца да гэтага факту: прычынай благаслаўлення з’яўляецца не актуальная сітуацыя, але новы стан, які шчаслівыя атрымліваюць у дар ад Бога: “бо іх ёсць Валадарства Нябеснае”, “бо яны будуць суцешаны”, “бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю” і г.д.”, — звярнуў увагу Святы Айцец.

“Але што азначае слова “шчаслівы”? Чаму кожнае з васьмі благаслаўленняў пачынаецца словам “шчаслівы”? Арыгінальны тэрмін азначае не таго, хто мае поўны страўнік ці адчувае сябе добра, але чалавека, які знаходзіцца ў стане ласкі, які трывае ў Божай ласцы і крочыць Божым шляхам: цярплівасць, беднасць, служэнне іншым, суцяшэнне… Тыя, хто трывае ў гэтым – шчаслівыя і будуць благаслаўлёнымі”, — сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што Бог, каб падарыць сябе чалавеку, часта выбірае непрадказальныя шляхі: нашы абмежаванні, слёзы, паражэнні.

“Гэта пасхальная радасць, пра якую кажуць браты з Усходу, якая мае стыгматы, але з’яўляецца жывой. Яна прайшла праз смерць і сустрэлася з Божай моцай. Благаслаўленні вядуць да радасці, заўсёды. Яны з’яўляюцца шляхам да дасягнення радасці”, — сказаў Папа.

“Добра было б, каб мы сёння ўзялі Евангелле св. Мацвея, адкрылі пяты раздзел, ад першага да адзінаццатага верша, і прачыталі благаслаўленні. Тое ж можна рабіць і часцей, на працягу тыдня, каб зразумець гэты вельмі цудоўны шлях, вельмі надзейны шлях да шчасця, які Бог прапануе нам”, — адзначыў Пантыфік на заканчэнне катэхезы.

Вітаючы вернікаў, прысутных на аўдыенцыі, Папа Францішак заўважыў, што благаслаўленні, гэта сапраўдная тапаграфічная карта для чалавека, якая дапамагае зрабіць жыццё шэдэўрам.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку