Папа Францішак узначаліў пахаванне Апостальскага нунцыя ў Аргентыне

Папа Францішак узначаліў пахавальную св. Імшу па памерлым 12 чэрвеня 2019 г. арцыбіскупе Леоне Каленга Бадзікебеле, Апостальскім нунцыі ў Аргентыне.

У літургіі, якая адбылася ў базыліцы св. Пятра 15 чэрвеня, узялі ўдзел ватыканскі дыпламаты, скліканыя Францішкам на сустрэчу, якая трывае ў Ватыкане з 13 чэрвеня.

“Эўхарыстыя завяршыцца малітвай valedictio, малітвай развітання. Сказаць брату бывай – гэта ўсё роўна як сказаць: “Дазваляем табе пайсці да Бога, пайсці ў Божыя рукі. Біблія ў Кнізе Мудрасці кажа нам, што душы справядлівых – у руках Бога (пар. Мдр 3, 1). Божыя рукі – найпрыгажэйшыя, гэта рукі, параненыя любоўю. (…) І ў Божыя рукі мы даручаем нашага брата”, — сказаў Папа падчас гаміліі.

Святы Айцец падкрэсліў, што гэта не толькі малітва развітання з пастырам: гэта таксама развітанне самога пастыра.

Спасылаючыся на фрагмент з Дзеяў Апосталаў, які апавядае пра развітанне апостала Паўла са старэйшынамі Касцёла ў Эфесе (Дз 20, 17-32), Францішак заўважыў, што пастыр развітваецца праз уласнае сведчанне: маўляў, вы ведаеце, як я ставіўся да вас на працягу ўсяго гэтага часу. “Гэта маё жыццё, — кажа ён статку, — судзіце вы”.

“Пастыр развітваецца, даючы ўбачыць, што яго жыццё – гэта жыццё паслухмянасці Богу”; ён развітваецца праз сваё сведчанне адчужанасці, бо “прызвычаены не прывязвацца да дабротаў гэтага свету, не быць прывязаным да свецкасці”, — працягнуў Папа.

Нарэшце, як брат і айцец, пастыр развітваецца праз сваё прароцтва: “Зважайце! Пасля майго адыходу ўвойдуць да вас лютыя ваўкі” (пар. Дз 20, 29). Ён указвае шлях, як абараняцца самастойна, без пастыра. Пасля чаго даручае статак Богу ў малітве, — патлумачыў Францішак.

Святы Айцец спаслаўся і на другі прыклад развітання – развітання, злучанага з надзеяй, якое здзейсніў Езус, калі сказаў: “Іду падрыхтаваць месца для вас” (Ян 14, 2). “Жыццё вучыць нас развітвацца”, — заключыў Папа і пажадаў, каб Бог даў усім гэтую ласку: уменне развітвацца.

Арцыбіскуп Каленга нарадзіўся 17 ліпеня 1956 г. у Рэспубліцы Конга. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1982 г., біскупскую сакру – у 2008 г. Працаваў Апостальскім нунцыем у Гане, Сальвадоры, а з мінулага года – у Аргентыне. Заўчасна памёр у Рыме 12 чэрвеня 2019 года ва ўзросце 62 гадоў.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку