Папа Францішак устанавіў Нядзелю Божага Слова

Трэцяя нядзеля Звычайнага перыяду будзе прысвечана цэлебрацыі, рэфлексіі і распаўсюджванню Божага слова. Адмысловае распараджэнне Святога Айца ўтрымліваецца ў новым Апостальскім лісце “Aperut illis”.

Дакумент Францішка ў форме “motu proprio” быў абнародаваны 30 верасня – у 1600-годдзе з дня смерці перакладчыка Святога Пісання на лацінскую мову, св. Гераніма.

Папа падкрэсліў, што ўстанаўленне Нядзелі Божага Слова з’яўляецца адказам на ініцыятыву шматлікіх вернікаў, якія даўно прасілі аб гэтым. Ён нагадаў пра некаторыя важныя крокі, ужо зробленыя для адкрыцця багацця Божага слова: дагматычную канстытуцыю Другога Ватыканскага Сабора “Dei Verbum”, Сінод Біскупаў, прысвечаны “Божаму слову ў жыцці і місіі Касцёла”, які прайшоў у 2009 годзе, а таксама Апостальскую адгартацыю Бэнэдыкта XVI “Verbum Domini”.

Нядзеля Божага Слова будзе адзначацца ў перыяд, які заахвочвае да ўмацавання сувязі з юдэямі і малітвы аб еднасці хрысціян. “Святое Пісанне ўказвае тым, хто яго слухае, шлях, якім трэба ісці, каб дасягнуць сапраўднай і моцнай еднасці”, — напісаў Пантыфік.

Папа Францішак пажадаў, каб Нядзеля Божага Слова адзначалася ўрачыста. У літургіі можа адбывацца ўрачыстае ўнясенне Святога Пісання, чытанне Божага слова, гаміліі могуць быць прысвечаны каштоўнасці Бібліі. У гэты дзень біскупы могуць прымаць у шэрагі лектараў або даручаць іншае падобнае служэнне, каб падкрэсліць важнасць абвяшчэння Божага слова ў літургіі. Таксама і пробашчы могуць знайсці адпаведную форму, каб уручаць Біблію ці адну з яе кніг усёй парафіяльнай супольнасці, падкрэсліваючы важнасць штодзённага чытання Святога Пісання і малітвы ім, практыкавання “lectio divina”.

Святы Айцец заўважыў, што Біблія не можа ўспрымацца ў якасці зборніка кніг, прызначанага для невялікай групы асоб. Ён папярэдзіў аб недапушчальнасці “манапалізацыі” святога тэксту.

“Біблія – гэта кніга народу Пана, які, слухаючы яе, пераходзіць ад рассейвання і падзелаў да адзінства. Божае слова яднае вернікаў і робіць іх адным народам”, — дадаў Папа.

Пантыфік звярнуў увагу на важнасць гамілій для тлумачэння Божага слова. Трэба тлумачыць Святое Пісанне “простай мовай, адпаведнай тым, хто слухае”. “Для многіх нашых вернікаў, гэта адзіная магчымасць для пазнання прыгажосці Божага слова, усведамлення яго сувязі з штодзённым жыццём. Нельга імправізаваць у каментаванні святых чытанняў. Мы, прапаведнікі, закліканы не зацягваць празмерна гаміліі і не выкарыстоўваць у іх неналежных аргументаў”, — нагадаў Францішак.

Спасылаючыся на евангельскі ўрывак пра сустрэчу Езуса з вучнямі, якая адбылася па дарозе ў Эмаўс, Папа звярнуў увагу на неад’емную лучнасць Святога Пісання з Эўхарыстыяй. “Біблія – гэта не зборнік гістарычных кніг і не хроніка. Яна цалкам скіравана на цэласнае збаўленне асобы”, — сцвердзіў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў важнасць адкрытасці на Святога Духа падчас чытання і інтэрпрэтацыі Бібліі, што неабходна, каб пазбегнуць фундаменталісцкага падыходу і не здрадзіць “натхнёнаму, дынамічнаму, духоўнаму характару, які мае святы тэкст”. Трэба сілкавацца Божым словам, каб глыбей перажываць адносіны з Богам і братамі, натхняцца ім для ўчынкаў міласэрнасці, — перакананы Папа.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку