Папа Францішак сустрэўся з работнікамі і пацыентамі клінікі “Bambino Gesù”

Пантыфік прыняў на аўдыенцыі кіраўніцтва, персанал, валанцёраў ватыканскага педыятрычнага шпіталя “Bambino Gesù”, а таксама каля 200 маленькіх пацыентаў і членаў іх сем’яў.

Сустрэча адбылася 16 лістапада ў ватыканскай Зале Паўла VI. Яна была прымеркавана да 150-годдзя медыцынскай установы, якая сёння з’яўляецца адной з найлепшых дзіцячых клінік у свеце.

Папа падзякаваў прадстаўнікам шпіталя за прыняцце хворых дзяцей з розных краін свету. “Я ведаю, што гэта патрабуе вялікіх эканамічных рэсурсаў і таму дзякую ўсім, хто з шчодрасцю падтрымлівае ахвяраваннямі Фонд “Bambino Gesù””, — дадаў ён.

Святы Айцец пажадаў, каб міжнародныя структуры садзейнічалі існаванню медыцынскіх калідораў, пакуль кожная краіна не будзе мець магчымасці самастойна адказваць на фундаментальныя патрэбы ў сферы аховы здароўя.

Звяртаючыся да ўрачоў, Папа заклікаў іх служыць хворым з дапамогай дару, які яны атрымалі. Ён заахвоціў працягваць навуковыя даследаванні, асабліва адзначыўшы дасягненні клінікі ў галіне дыягностыкі рэдкіх захворванняў і лячэнні цяжкіх паталогій.

“Захапляюся вашым запалам і энтузіязмам, які ўкладаеце ў вашу працу, звязаную з лячэннем і даследаваннямі. Хацеў бы, каб вы ніколі не гублялі здольнасці заўважаць пакутуючае аблічча дзіцяці таксама за простай пробай, аналіз якой трэба зрабіць, і чуць плач бацькоў таксама ўнутры вашых лабараторый. Няхай таямніца дзіцячых пакут не перастае прамаўляць да вашых сумленняў і матываваць вашу чалавечую і прафесійную дзейнасць”, — пажадаў Пантыфік.

Напрыканцы аўдыенцыі Папа Францішак заклікаў супрацоўнікаў ватыканскага шпіталя дапамагаць яго маленькім пацыентам адчуваць ласкавую і суцяшальную прысутнасць Езуса, а таксама заўсёды памятаць словы Хрыста: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку