Папа Францішак сустрэўся з духавенствам Паўночнай Македоніі

Гісторыю пішуць такія людзі, якія не баяцца ахвяраваць сваім жыццём дзеля любові, адзначыў Францішак падчас сустрэчы з духавенствам Паўночнай Македоніі.

На пачатку сустрэчы, якая прайшла 7 мая ў катэдральным касцёле ў Скоп’е, Папа прывітаў святароў як лацінскага, так і ўсходняга абрадаў – апошняга прыбылі разам са сваімі сем’ямі. Два абрады, як два лёгкія – абодва неабходныя і узаемадапаўняльныя, звярнуў увагу ён.

Папа заахвоціў прысутных не апускаць рукі перад абліччам вялікай колькасці выклікаў і сціплых матэрыяльных і чалавечых рэсурсаў, паколькі людзям трэба служыць у любой сітуацыі. Ён паставіў у прыклад св. Маці Тэрэзу з Калькуты, якая паказала, як шмат можа зрабіць бедны чалавек, намашчаны Панам. “Колькі людзей было суцешана ласкавасцю яе позірку, падтрымана яе пяшчотай, падбадзёрана яе надзеяй, умацавана адвагай яе веры, здольнай дапамагчы самым забытым адчуць, што яны не забытыя Богам! Гісторыю пішуць людзі, якія не баяцца ахвяраваць сваім жыццём дзеля любові”, – сказаў Папа.

Францішак заклікаў святароў не паддавацца фантазіям пра тое, што б было, калі б яны былі больш моцнымі і ўплывовымі. “Вельмі часта мы марнуем энергію і рэсурсы, праводзім сустрэчы і дыскусіі, плануем, каб захаваць падыход, рытм, перспектывы, якія больш нікога не напаўняюць энтузіязмам, якія не могуць даць нават крыху таго евангельскага паху, што здольны суцешыць і адкрыць шляхі надзеі, якія пазбаўляюць нас асабістай сустрэчы з іншымі”, – папярэдзіў Пантыфік.

Пантыфік спаслаўся на жанатае духавенства ўсходняга абраду і нагадаў, што кожная сям’я з’яўляецца “іконай Сям’і з Назарэта”, якая праз веру, здабытую ў штодзённай барацьбе, умела “перамяніць стайню для жывёл у дом для Езуса”.

Сустрэча Пантыфіка з духавенствам стала апошнім пунктам праграмы яго падарожжа ў Паўночную Македонію. Пасля яе заканчэння Папа накіраваўся ў аэрапорт Скоп’е, адкуль вылецеў у Рым.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку