- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Папа Францішак: спыніць выкарыстанне рэлігіі для распальвання нянавісці

[1]

Ілюстрацыйнае фота

22 жніўня 2020 г. Святы Айцец у сваім паведамленні ў Твітэр заклікаў адмовіцца ад любых праяў рэлігійнага фундаменталізму і распаўсюджвання нянавісці.

Cвабода рэлігіі і перакананняў, свабода меркаванняў і іх вольнага выразу, права на мірныя сходы і права на свабоду асацыяцый з’яўляюцца ўзаемазалежнымі і ўзаемазлучанымі. Яны ўтрымліваюцца ў артыкулах 18, 19, 20 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

“Богу не трэба абараняцца з дапамогай некага і Ён не хоча, каб Яго імя выкарыстоўвалася для тэрарызавання людзей. Прашу ўсіх спыніць выкарыстанне рэлігіі для распальвання нянавісці, насілля, экстрэмізму і сляпога фанатызму”, — напісаў Папа Францішак, спасылаючыся на Міжнародны дзень памяці ахвяр актаў насілля на аснове рэлігіі або перакананняў, які адзначаецца 22 жніўня.

Адкрытае, канструктыўнае і паважлівае абмеркаванне ідэй і міжрэлігійны, міжканфесійны і міжкультурны дыялог на мясцовым, нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным узроўнях могуць адыгрываць станоўчую ролю ў барацьбе з рэлігійнай нянавісцю, падбухторваннем да яе і насіллем, — гаворыцца ў афіцыйнай заяве ААН.

У свеце працягваюць адбывацца акты нецярпімасці і гвалту на аснове рэлігіі і перакананняў, у тым ліку да асоб, якія належаць да рэлігійных супольнасцей і рэлігійных меншасцей ва ўсім свеце. Расце колькасць і інтэнсіўнасць такіх інцыдэнтаў, якія часта носяць крымінальны характар і могуць мець міжнародныя аспекты.

У спецыяльнай рэзалюцыі ААН, прымеркаванай да ўстанаўлення Дня памяці ахвяр актаў насілля на аснове рэлігіі, дзяржавы-члены заявілі, што тэрарызм і гвалтоўны экстрэмізм ва ўсіх выпадках, калі яны ствараюць пажыўнае асяроддзе для тэрарызму ва ўсіх яго формах і праявах, не могуць і не павінны атаясамлівацца з якой бы там ні было рэлігіяй, нацыянальнасцю, цывілізацыяй або этнічнай групай.

Абвясціўшы Дзень, Генеральная Асамблея нагадала, што дзяржавы нясуць галоўную адказнасць за пашырэнне і абарону правоў чалавека, уключаючы правы асоб, якія належаць да рэлігійных меншасцей, у тым ліку іх права свабодна вызнаваць сваю рэлігію або перакананні, — сцвярджаецца на афіцыйнай старонцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Беларуская рэдакцыя Vatican News [2]