Папа Францішак: спакой, які дае свет, абыходзіцца чалавеку дорага

Падчас Эўхарыстыі ў капліцы Дома св. Марты 12 мая 2020 г., Папа звярнуў увагу на розніцу паміж спакоем, які дае свет, і спакоем, які мы атрымліваем ад Езуса.

У гаміліі Святы Айцец спаслаўся на словы Езуса да вучняў з фрагмента Евангелля св. Яна (14, 27-31): “Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю”.

“Свет дае табе ўнутраны спакой, спакой жыцця, жыццё са спакойным сэрцам, як тваю ўласнасць, што ізалюе цябе ад іншых, што было набыта табой: “У мяне ёсць спакой”. І сам таго не ўсведамляючы, ты зачыняешся ў гэтым спакоі… які цябе ўсыпляе, абязбольвае і прымушае быць аднаму: ён эгаістычны. Свет дае спакой такім чынам. І ён дарагі, паколькі пастаянна трэба мяняць яго інструменты: калі ты ад нечага ў захапленні, нешта дае табе спакой, але заканчваецца, ты павінен знайсці іншае… Такі спакой дарагі, паколькі часовы і бясплодны”, — лічыць Папа.

“Гэта спакой, які прыводзіць цябе ў рух, не ізалюе, прымушае ісці да іншых, стварае супольнасць і зносіны. Мірскі спакой дарагі, спакой Езуса бязвыплатны, гэта дар ад Пана”, — падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў евангельскую прыпавесць пра багатага чалавека, у якога добра ўрадзіла поле. І тады ён сказаў сабе:

“Вось што зраблю: паламаю засекі мае і збудую большыя, і збяру туды ўсё збожжа маё і ўсё дабро маё. І скажу душы маёй: Душа, шмат дабра ў цябе ляжыць на многія гады. Адпачывай, еш, пі і весяліся” (Лк 12, 18-19). Але Бог адказаў яму: “Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?” (Лк 12, 20).

Спакой Хрыста мае зусім іншыя рысы.

“Гэта зямны спакой, які не адчыняе брамы для будучага жыцця. Божы спакой адкрыты да Неба. Гэта спакой плённы, які адкрываецца да іншых і вядзе іх да Неба”, — адзначыў Святы Айцец.

Папа запрасіў вернікаў, якія ўдзельнічалі ў прамой трансляцыі, задаць сабе пытанне пра паходжанне іх спакою.

“Ці плачу за спакой, ці маю яго дарма ад Пана? Ці злуюся, калі чагосьці не хапае? Тады гэта не Божы спакой. Гэта адна з спроб. Магчыма, мой спакой усыпляе мяне? Гэта не ад Пана. Я жыву ва ўнутраным спакоі і хацеў бы перадаць яго іншым і рухацца далей? Гэта спакой Пана. Ці застаецца ў мяне спакой таксама ў дрэнныя і цяжкія моманты? Гэта спакой Пана. Божы спакой плённы, бо ён поўны надзеі, скіраваны ў Неба”, — звярнуў увагу Пантыфік.

“Няхай Пан дасць нам гэты спакой, напоўнены надзеяй, які робіць нас пладавітымі, прымушае мець зносіны з іншымі, стварае супольнасць, заўсёды ўглядаецца ў канчатковы спакой раю”, — сказаў Папа Францішак, падсумоўваючы гамілію.

Папа завяршыў літургію адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту і Эўхарыстычным благаслаўленнем. Ён заклікаў вернікаў, якія ўдзельнічалі ў трансляцыі, прыняць св. Камунію духоўным чынам.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку