Папа Францішак: прысвойванне Божага дару – вялікі грэх

Стаўленне да Божага дару як да ўласнасці вядзе да яго маралізатарскай ідэалагізацыі, “поўнай прадпісанняў” і схільнай да “казуістыкі”, — перасцярог Пантыфік 13 сакавіка падчас ранішняй Эўхарыстыі.

Св. Імшу ў прамым эфіры трансліравалі ватыканскія СМІ. На пачатку літургіі Папа Францішак выказаў салідарнасць з усімі, хто пакутуе па прычыне пандэміі каранавіруса, і заахвоціў вернікаў маліцца за душпастыраў, каб у гэты крытычны момант Дух Святы адарыў іх умеласцю і разважлівасцю “для прыняцця мер, якія б не пакінулі ў адзіноце святы і верны народ Божы. Каб народ Божы адчуваў душпастырскае суправаджэнне і суцяшэнне Божым Словам, сакрамантамі і малітвай”.

Каментуючы ў гаміліі прыпавесць пра ліхіх вінаградараў (Мц 21, 33-43. 45-46), Святы Айцец заўважыў, што яна сімвалічна апавядае пра забойства Божага Сына ад рук выбранага народа і адначасова пра нявернасць запавету з боку тых, хто завалодвае Божым дарам, які ёсць багаццем, адкрытасцю і благаслаўленнем, і занявольвае яго ў дактрыне.

“Народ павінен заўсёды захоўваць у памяці абранне, тое, што ён – выбраны народ, а таксама абяцанне, каб глядзець наперад з надзеяй, і саюз, каб штодня жыць у вернасці. А ў прыпавесці, калі настаў час для збору ўраджаю, народ забыўся, што не з’яўляецца гаспадаром”, — падкрэсліў Пантыфік.

На яго думку, стаўленне да Божага дару як да ўласнасці вядзе да яго маралізатарскай ідэалагізацыі, поўнай прадпісанняў, калі ў любой справе апускаюцца да казуістыкі.

Прысвойванне Божага дару – гэта, падкрэсліў Пантыфік, “вялікі грэх”. Тут бачыцца пачатак скажэння клерыкалізмам, “які заўсёды адмаўляе дармовае абранне Богам, дармовы саюз Бога, дармовае абяцанне Бога”. Прапаведнікі клерыкалізму “забываюцца пра дармовасць аб’яўлення, што Бог аб’явіўся як дар, стаўся дарам, і мы павінны даваць Яго, паказваць Яго іншым як дар, а не як сваю ўласнасць”.

Папа Францішак заклікаў прасіць Пана, каб адарыў ласкай “прымаць дар як дар і перадаваць дар як дар, а не як уласнасць, не ў духу сектанцтва, не закасцянела, не ў духу клерыкалізму”.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку