Папа Францішак прыбыў з візітам у Літву. Твітэр-трансляцыя

22 верасня ў 10.35 па мясцовым часе самалёт з Папам Францішкам на борце прызямліўся ў аэрапорце літоўскай сталіцы, паведамляе catholic.by. Прывітаць Пантыфіка прыбыла Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ.

Былі выкананыя гімн Святога Пасаду і Літоўскай Рэспублікі. З боку Каталіцкага Касцёла Святога Айца прывітаў старшыня Каталіцкіх Біскупаў у Літве Мітрапаліт Вільнюскі арцыбіскуп Гінтарас Грушас.

Пасля прывітальнай цырымоніі Папа праехаў вуліцамі літоўскай сталіцы ў Прэзідэнцкі Палац, дзе правядзе сустрэчу з Даляй Грыбаўскайтэ. Тэмамі сустрэчы стануць выклікі ў літоўскім грамадстве: геапалітычная сітуацыя, сацыяльныя пытанні і роля літоўцаў у еўрапейскім грамадстве.

Пасля завяршэння сустрэчы Папа Рымскі сумесна з Прэзідэнтам Літвы звернуцца да літоўскага грамадства ў скверы Сімонаса Даўкантаса. Паслухаць заяву літоўскага прэзідэнта і Пантыфіка прыбудуць нацыянальныя лідары, духавенства, дыпламатычны корпус, прадстаўнікі бізнес-арганізацый, прадстаўнікі культуры, спорту і іншых груп.

У 17.30 Папа Францішак завітае на катэдральны пляц, дзе прывітае моладзь з Літвы і прылеглых краін, у тым ліку з Беларусі.

Разам з пілігрымамі ў Літве знаходзіцца карэспандэнт Katolik.life, які вядзе Твітэр-трансляцыю. Запрашаем сачыць разам.

для друку для друку