Папа Францішак: прагрэс не павінен стаць ворагам агульнага дабра

“Лепшы свет магчымы дзякуючы тэхналагічнаму прагрэсу, калі ён суправаджаецца этыкай”, — заўважыў Папа падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў семінара на тэму: “Супольнае дабро ў лічбавую эпоху”.

Сустрэча адбылася 27 верасня 2019 г. Эксперты, прысутныя на ёй, прымалі ўдзел у двухдзённым міжнародным форуме, арганізаваным у Ватыкане па ініцыятыве Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Папскай рады па культуры.

“Значнае развіццё тэхналагічнай сферы, асабліва ў галіне штучнага інтэлекту, становіцца ўсё больш і больш важным для ўсіх напрамкаў чалавечай дзейнасці; таму адкрытыя і канкрэтныя дыскусіі на гэту тэму з’яўляюцца як ніколі неабходнымі”, — падкрэсліў у сваёй прамове Пантыфік.

Францішак нагадаў, што дабро, якое можа даць чалавецтву тэхналагічны прагрэс, залежыць ад таго, “наколькі этычна будуць выкарыстоўвацца новыя магчымасці”. Неабходна, каб “тэхналагічнаму прагрэсу спадарожнічала адпаведнае развіццё адказнасці і каштоўнасцей”, дадаў ён.

У адваротным выпадку, паводле Святога Айца, дамінуючая тэхнакратычная парадыгма, якая “абяцае бескантрольны і бязмежны прагрэс”, возьме верх і нават зможа перакрэсліць іншыя фактары развіцця, што створыць “вялізарную небяспеку для ўсяго чалавецтва”.

Францішак высока ацаніў супрацоўніцтва і жаданне дыялогу паміж экспертамі ў сферы тэхналогій, эканомікі, робататэхнікі, сацыялогіі, камунікацыі, кібербяспекі, філасофіі, этыкі і маральнай тэалогіі, якія сабраліся на ватыканскім форуме, каб разам вызначыць базавыя этычныя крытэрыі ў выкарыстанні сучасных тэхналогій у кантэксце агульнага дабра ўсяго чалавецтва.

Папа закрануў праблему, звязаную з уплывам развіцця робататэхнікі на свет працы. З аднаго боку яно дапамагае пакласці канец некаторым цяжкім, небяспечным і манатонным відам чалавечай дзейнасці, а з іншага – стаць прыладай, пакліканай спрыяць выключна павелічэнню прыбытку, якая “пакіне без працы вялікую колькасць людзей, ставячы пад пагрозу іх годнасць”.

Папа падчас аўдыенцыі для экспертаў у сучасных тэхналогіях

Іншы прыклад – гэта выгоды і рызыкі, звязаныя з выкарыстаннем штучнага інтэлекту ў дэбатах аб важных сацыяльных пытаннях. З аднаго боку ён можа забяспечыць шырокі доступ людзей да інфармацыі, а з іншага – распаўсюджваць ілжывыя дадзеныя і маніпуліраваць грамадскай думкай.

“Калі тэхналагічны прагрэс будзе прычынай усё больш і больш выразнай няроўнасці, мы не можам лічыць яго сапраўдным прагрэсам. Так званы тэхналагічны прагрэс чалавецтва, калі стане ворагам агульнага дабра, прывядзе да злашчаснага рэгрэсу, да формы варварства, дзе будзе панаваць закон самых моцных”, — сказаў Папа.

Францішак заклікаў сваіх гасцей садзейнічаць памяншэнню эканамічнай, адукацыйнай, тэхналагічнай, сацыяльнай і культурнай няроўнасці. “Пакуль хоць адзін чалавек будзе заставацца ахвярай сістэмы, якой бы развітой і эфектыўнай яна ні была, якая не ўмее цаніць неад’емную годнасць і каштоўнасць кожнага чалавека, ваша праца не будзе закончана”, — дадаў Пантыфік.

Напрыканцы аўдыенцыі Святы Айцец падкрэсліў, што “лепшы свет магчымы дзякуючы тэхналагічнаму прагрэсу, калі ён суправаджаецца этыкай, заснаванай на агульным дабры, этыкай свабоды, адказнасці, братэрства, здольнай спрыяць поўнаму развіццю людзей у іх адносінах з іншымі і стварэннем”.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

 

для друку для друку