Папа Францішак пра перашкоды, якія не даюць ісці ўслед за Езусам

5 мая 2020 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі Святы Айцец звярнуў увагу на перашкоды, якія ўскладняюць хрысціянам вызнанне Езуса. Адной з іх ён лічыць строгасць сэрца.

У гаміліі Папа Францішак пракаментаваў урывак з Евангелля св. Яна (10, 22-30), дзе юдэі просяць Езуса адкрыта сказаць, ці з’яўляецца Ён Месіяй. Але Пан адказвае: “Я сказаў вам, і вы не верыце. Справы, якія Я чыню ў імя Айца Майго, сведчаць пра Мяне. Але вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак”.

Пантыфік заўважыў, што існуе стаўленне, якое дапамагае нараджэнню веры ў Хрыста, але і антаганізмы, якія перашкаджаюць нам дасягнуць прагрэсу ў пазнанні Пана. Першы – гэта багацце.

“Нават многія з нас, што ўвайшлі праз браму Пана, пазней спыняюцца і не ідуць далей, бо трапляюць у пастку багацця. Езус адносіўся сурова да багацця, бо яно перашкаджае развівацца. Ці трэба станавіцца жабракамі? Не. Але не будзем рабамі багацця, не будзем жыць дзеля багацця, бо багацце з’яўляецца гаспадаром гэтага свету, а мы не можам служыць двум гаспадарам. Багацце абмяжоўвае нас”, — лічыць Святы Айцец.

Затым Папа ўказаў на перашкоду, якой з’яўляецца строгасць сэрца, строгасць у інтэрпрэтацыі закона, што не з’яўляецца вернасцю: вернасць – гэта дар, строгасць – гэта бяспека для сябе. Строгасць аддаляе нас ад мудрасці і прыгажосці Езуса і адымае ў нас свабоду. І шмат пастыраў выклікаюць сярод вернікаў рост строгасці, — адзначыў Святы Айцец.

Папа Францішак перасцярог ад ляноты і стомленасці, якія пазбаўляюць нас волі рухацца наперад; ад клерыкалізму, у выніку якога чалавек ставіць сябе на месца Езуса; ад духа гэтага свету, які пранізвае нават цэлебрацыю некаторых сакрамэнтаў. Ён дадаў, што свабода можа прывесці да падзення, але горшым будзе патрапіць у перашкоды, якія не даюць ісці ўслед за Езусам.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку