Папа Францішак пра адносіны з Бэнэдыктам XVI, традыцыю і будучыню Еўропы

Адносіны з Бэнэдыктам XVI, значэнні традыцыі і будучыня Еўропы, былі галоўнымі тэмамі размовы Папы з журналістамі, якая адбылася 2 чэрвеня падчас пералёту з Бухарэста ў Рым.

Святы Айцец заўважыў, што рэгулярна сустракаецца з Папам на пенсіі, якога лічыць дзядулям, што пастаянна яго падтрымлівае і дае сілы.

“Я бяру яго за руку і дазваляю прамаўляць. Ён кажа няшмат, павольна, але з той жа глыбінёй, што і заўсёды. Праблемай Бэнэдыкта XVI з’яўляюцца калені, а не розум. Ён мае вялікую яснасць”, — сказаў Францішак. Папа прызнаўся, што размовы з папярэднікам робяць яго мацнейшым. Ён параўнаў веды, якія атрымлівае ад Бэнэдыкта XVI, з сокам “карэнняў, які дапамагае ісці наперад”.

“Я адчуваю тую традыцыю Касцёла, якая не з’яўляецца чымсьці музейным. Не! Традыцыя – гэта карані, што даюць табе сок, каб расці”

, — сказаў Папа.

Цытуючы аўстрыйскага кампазітара Густава Малера, Пантыфік падкрэсліў, што традыцыя, “гэта гарантыя будучыні, а не вартаўніца попелу”. “Традыцыя Касцёла заўсёды жывая”, — сцвердзіў ён. Папа дадаў, што інтэгралісты сумуюць па вяртанню менавіта да попелу, які не з’яўляецца каталіцкай традыцыяй. Традыцыя, “гэта карані, якія забяспечваюць, каб дрэва расло, расквітнела і прынесла плады”.

Гаворачы пра адносіны ўнутры Еўрапейскага Саюза, Францішак заўважыў, што клопат аб еднасці з’яўляецца абавязкам кожнай краіны, якая ўваходзіць у яго склад. Перыяд старшынства ў гэтым аб’яднанні з’яўляецца не проста ветлівым жэстам, але знакам адказнасці, якую мае кожная краіна, дадаў ён.

Пантыфік выказаў занепакоенасць будучыняй Еўропы. “Трэба вярнуцца да містыкі айцоў-заснавальнікаў. Еўропа павінна знайсці сябе і пераадолець падзелы межамі. Мы назіраем межы ў Еўропе і гэта нядобра. Вядома, што кожная краіна мае сваю тоеснасць і павінна яе абараняць, але Еўропа не павінна скарыцца перад песімізмам і ідэалогіямі, бо падвяргаецца нападу з боку ідэалогій і ў ёй ствараюцца малыя групкі.

“Узгадайце пра падзеленую Еўропу, будзем вучыцца з гісторыі, не будзем вяртацца назад”

, — заклікаў Святы Айцец.

Францішак выказаў пажаданне, каб Еўрапейскі Саюз адпавядаў марам сваіх айцоў-заснавальнікаў.

Гаворачы аб адносіны з іншымі хрысціянскімі супольнасцямі Пантыфік адзначыў важнасць развіцця экуменізму праз супольную малітву, супольнае сведчанне Евангелля – у сувязі з чым прыгадаў пра існаванне мучанікаў розных канфесіі, – а таксама праз сумесны клопат аб бедных, хворых і адчужаных грамадствам.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку