Папа Францішак: пасвячэнне – гэта не заключэнне працоўнай дамовы

Памятаць пра тое, што пасвячэнне – гэта бескарыслівы Божы дар, — заклікаў Пантыфік духавенства падчас ранішняй Эўхарыстыі, якая 19 верасня 2019 г. прайшла ў капліцы ватыканскага Дома св. Марты.

У літургіі прынялі ўдзел шматлікія біскупы і святары, сярод якіх быў кардынал Эдуарда Мэнікэлі, што адзначае 25-годдзе біскупскай сакры. У гаміліі Францішак заўважыў, што атрыманне пасвячэння не з’яўляецца заключэннем “працоўнай дамовы”. Калі разумець яго такім чынам, можна прыйсці да “ўзурпацыі дару і ператварэння яго ў функцыю”, згубіць сутнасць служэння, забыцца позірк Езуса, Які паклікаў ісці за сабой.

“Ад недахопу сузірання дару, служэння як дару, узнікаюць усе вядомыя нам скажэнні: ад самых кепскіх, жудасных, да штодзённых, якія вядуць да сканцэнтравання служэння на сабе, а не на ўдзячнасці за дар і на любові да Таго, ад каго паходзіць дар служэння”, — заўважыў ён.

Паводле Францішка, людзі забываюць пра атрыманыя дары. Ён паставіў у прыклад евангельскага фарысея, да якога прыйшоў Езус і які забыўся пра многія правілы гасціннасці.

“Гэта праўда, што ў нас, святароў, ёсць шмат працы, і першым заданнем з’яўляецца абвяшчэнне Евангелля, але мы павінны бараніць тое, што ёсць сэрцам, крыніцай, з чаго вынікае гэта місія, што ёсць дарам, які атрымалі ад Пана”, — заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў прысутных на Эўхарыстыі прасіць Бога дапамагчы ўспрымаць пасвячэнне ў якасці дару і служэння і не змарнаваць падоранага нам Панам.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку