Папа Францішак падарыў Барталамею І частку рэліквій святога Пятра

Папа падарыў Патрыярху Барталамею І частку рэліквій св. Пятра. Яны былі перададзены прадстаўнікам Канстантынопальскага Патрыяхату, якія прыбылі ў Рым з нагоды ўрачыстасці святых Пятра і Паўла.

Пантыфік асабіста ўручыў бронзавы рэліквіярый з дзевяццю фрагментамі парэштак св. Пятра кіраўніку праваслаўнай дэлегацыі, Мітрапаліту Ёву. Гэта адбылося пасля ўрачыстай св. Імшы, якая 29 чэрвеня прайшла ў Ватыкане. Гаворка ідзе пра частку рэліквій, знойдзеных падчас раскопак пад базылікай св. Пятра.

Першы этап археалагічных даследаванняў пад папскім алтаром праходзіў па ініцыятыве Пія ХІІ з 1939 па 1949 гадах. Яго вынікам стала знаходжанне месца пахавання апостала. Аднак яго парэшткі тады знойдзены не былі.

У 1952 годзе навукоўцы аднавілі даследаванні. Аб’ектам вывучэння стала сцяна, побач з помнікам, пабудаваным над магілай св. Пятра ў ІІ стагоддзі. Яна была пакрыта шматлікімі старажытнымі графіці з хрысціянскімі сімваламі, узгадаваннем імёнаў Езуса, Марыі, Пятра. Адзін з надпісаў на грэчаскай мове апавяшчаў: Pertos eni – Пётр тут. Ён быў знойдзены ля невялікай нішы і мог указваць на месца размяшчэння рэліквій. Гэта падштурхнула даследчыкаў да дэтальнага вывучэння чалавечых парэшткаў, вынятых з гэтага месца.

Аналіз паказаў, што астанкі прыналежаць мужчыну, які жыў на пачатку нашай эры, быў моцнага складу цела і памёр у сталым узросце. На іх былі знойдзены часцінкі зямлі, ідэнтычнай той, якая знаходзіцца пад надмагільным помнікам, а таксама фрагменты пурпурнай тканіны з залатымі ніткамі – сведчанне асаблівай пашаны да пахаванай асобы. У шкілета адсутнічалі ніжнія часткі ног. Гэта дэталь з’яўляецца вельмі важнай, бо ступні звычайна адсякалі ў людзей, укрыжаваных уніз галавою, каб было лягчэй зняць іх цела з крыжа, а менавіта так загінуў апостал Пётр.

Вынікі даследаванняў дазволілі сцвярджаць, што знойдзеныя парэшткі могуць прыналежаць менавіта св. Пятру, аб чым Павел VI урачыста абвясціў 26 чэрвеня 1968 года.

Калі навукоўцы завяршылі сваю працу, асноўная частка рэліківій была размешчана ў тым месцы, дзе яны захоўваліся на працягу стагоддзяў – невялікай нішы ў сцяне з надпісамі пад папскім алтаром. Дзевяць фрагментаў парэштак Павел VI распарадзіўся змясціць у бронзавы рэліквіярый і захоўваць у папскіх апартаментах Апостальскага палацу, каб мець магчымасць маліцца ля іх, не спускаючыся ў Ватыканскія гроты. Менавіта іх Францішак падарыў Канстантынопальскаму Патрыярху.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку