Папа Францішак: не рабіць з касцёлаў гандлёвых цэнтраў

Касцёл павінен быць Божым домам, а не кірмашом ці салонам, прасякнутым духам гэтага свету, зазначыў Папа падчас ранішняй Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 9 лістапада ў Ватыкане.

Спасылаючыся на літургічнае чытанне з Евангелля св. Яна (Ян 2,13-22), Папа Францішак патлумачыў, чаму Езус выгнаў гандляроў са святыні. Збаўца кіраваўся любоўю і руплівасцю аб Божым доме, які зрабілі гандлёвым цэнтрам, дадаў ён.

Езус убачыў у ерузалемскай святыні “тых, хто гандляваў валамі, авечкамі і галубамі, мянялаў”. Паводле Папы, святыня была напоўнена сапраўднымі ідалапаклоннікамі, тымі, хто больш пакланяўся грашам, чым Богу.

Папа Францішак заклікаў паразважаць аб тым, што адбываецца сёння ў касцёлах: ці сапраўды яны з’яўляюцца месцамі малітвы і сустрэчы з Богам; ці святары садзейнічаюць гэтаму. Папа прызнаўся, што у адным касцёле бачыў прэйскурант на сакрамэнты. Гэта недапушчальна, паколькі ператварае храм у дом гандлю. Вернікі павінны мець магчымасць пакласці ахвяру ў скарбонку, і ніхто не павінен ведаць колькі яны ахвяруюць, падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік таксама звярнуў увагу на іншую праблему, калі падчас некаторых падзей, касцёлы ператвараюцца ў “грамадскія салоны”, а ўсё, што там адбываецца, прасякнута духам марнасці. “Так, сапраўды, цэлебрацыя павінна быць прыгожай, але не ў духу гэтага свету, які заключаецца ў залежнасці ад бажка грошай. Гэта таксама ідалапаклонства”, — дадаў Папа.

Папа Францішак заклікаў вернікаў клапаціцца пра святыню ўласнага сэрца і выганяць адтуль ідалаў, што дапаможа абараніцца ад сапсутасці. “Крыніцай сапсутасці з’яўляецца ідалапаклонства: продаж душы бажку грошай, бажку ўлады”, — завяршыў сваю гамілію Святы Айцец.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку