Папа Францішак: не асуджаць свет, а маліцца за яго

Заступніцкая малітва ўласцівая святым, якія, на падабенства Езуса, становяцца сапраўднымі “мастамі” паміж Богам і Яго народам; Майсей у гэтым сэнсе стаў самым вялікім прарокам Езуса, — перакананы Святы Айцец.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 17 чэрвеня 2020 г. прайшла ў Ватыкане, папа Францішак працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных малітве. На гэты раз ён засяродзіў сваю ўвагу на малітве Майсея, які пастаянна і ў любой сітуацыі заступаўся перад Богам за свой народ.

Папа заўважыў, што з чалавечага пункту гледжання Майсей быў няўдачнікам, калі Бог паклікаў яго. Ён, будучы ўцекачом, хацеў бараніць сваіх суайчыннікаў, але зразумеў, што ў імя справядлівасці схіляецца да насілля.

“Мары пра славу разбіліся: Майсей больш не быў перспектыўным дзяржаўным мужам, якому быў наканаваны хуткі кар’ерны рост, але тым, хто змарнаваў магчымасці і зараз пасвіў статак, які нават не належаў яму. І менавіта ў цішыні мадыянскай пустыні Бог аб’явіўся Майсею ў палымнеючым кусце: “Я – Бог айца твайго, Бог Абрагама, Бог Ісаака, Бог Якуба. І схаваў Майсей твар свой, таму што баяўся паглядзець на Бога” (Зых 3,6), — нагадаў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на страхі і сумневы Майсея перад абліччам вялікай місіі, якую яму хацеў даверыць Бог: вывесці народ Ізраіля з няволі. Майсей казаў, што не годны такога задання і не ведае імя Бога, што ізраільцяне не павераць яму, што ён не ўмее прыгожа прамаўляць…

“Пытаннем, якое часцей за ўсё злятала з вуснаў Майсея ў кожнай малітве, якую ён узносіў да Бога, было: “Чаму?”. “Чаму пасылаеш мяне?”. “Чаму хочаш вызваліць гэты народ?”. У Пяцікніжжы ёсць драматычны ўрывак, у якім гаворыцца як Бог папракае Майсея за недахоп даверу, які перашкодзіць яму ўвайсці ў абяцаную зямлю”, — заўважыў Папа.

Папа Францішак падкрэсліў, што сваімі страхамі і ваганнем Майсей становіцца блізкім да кожнага з нас. “Застаючыся ўпаўнаважаным перадаць Божы закон народу, з’яўляючыся заснавальнікам Божага культу, пасрэднікам у самых высокіх таямніцах, ён не перастаў падтрымліваць блізкія салідарныя адносіны са сваім народам, асабліва ў хвіліну спакусы і граху. Веліч пастыра заключаецца ў тым, што ён не забывае пра свой народ”, — сцвердзіў Папа.

«Майсей быў настолькі блізкім да Бога, што мог размаўляць з Ім тварам у твар. І ён застаўся настолькі вялікім сябрам людзей, што адчуваў міласэрнасць у адносінах да іх грахоў, спакус і раптоўных праяў тугі гэтых выгнаннікаў па мінулым, іх успамінаў пра часы знаходжання ў Егіпце», — заўважыў Папа.

Майсей “не стаў аўтарытарным і дэспатычным правадыром”. Нягледзячы на прывілеяваны стан, “ён не пераставаў належаць да таго шэрагу ўбогіх духам, якія жывуць, ператвараючы давер да Бога на сваім шляху ў намашчэнне”.

Такім чынам, самым характэрным спосабам малітвы Майсея было заступніцтва. Яго вера ў Бога была знітавана з бацькоўскім пачуццём да свайго народу. Святое Пісанне звычайна паказвае яго з рукамі, узнятымі ў гару, да Бога, нібыта ён сам становіцца “мастом паміж небам і зямлёй”. Нават у самыя складаныя моманты, нават калі народ выракся Бога і яго як правадыра, зрабіўшы залатое цяля, Майсей не пакінуў сваіх суайчыннікаў. Ён сказаў Богу: “Народ гэты зрабіў вялікі грэх: яны зрабілі сабе залатых багоў. А цяпер, ці можаш адпусціць грэх іхні. Калі не, то сатры мяне з кнігі сваёй, якую ты напісаў” (Зых 32,31-32).

“Вось малітва, якую ў сваім духоўным жыцці развіваюць сапраўдныя вернікі. Нават калі сустракаюцца з слабасцямі іншых і іх далёкасцю да Бога, гэтыя людзі малітвы не асуджаюць і не выракаюцца такіх асоб. Заступніцтва ўласціва святым, якія, на падабенства Езуса, з’яўляюцца “мастамі” паміж Богам і Яго народам. Майсей у гэтым сэнсе стаў самым вялікім прарокам Езуса, нашага абаронцы і заступніка”, — заўважыў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што Майсей, як і Езус, мабілізуе нас да гарачай малітвы за свет, памятаючы, што ён, нягледзячы на ўсе свае слабасці, заўсёды належыць Богу. Свет жыве і квітнее дзякуючы малітве, якую святыя нястомна, у любой сітуацыі і ў кожны перыяд гісторыі, узносяць за яго, — перакананы Пантыфік.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку