Папа Францішак на агульнай аўдыенцыі пра экуменічную гасціннасць

Падчас агульнай аўдыенцыі 22 студзеня Святы Айцец нагадаў пра ролю гасціннасці да мігрантаў у экуменічным дыялогу. Гэтай тэме прысвечаны сёлетні Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян.

Пантыфік заўважыў, што малітоўныя тэксты да ініцыятывы падрыхтавала міжканфесійная група з астравоў Мальта і Гоза. У іх аснове знаходзіцца ўрывак з кнігі Дзеяў Апосталаў, дзе гаворыцца пра гасціннасць мальтыйцаў да апостала Паўла і яго спадарожнікаў, якія апынуліся на востраве ў выніку буры.

“Дарагія, гасціннасць – важная, яна з’яўляецца важнай экуменічнай цнотай. Яна азначае прызнанне таго, што іншыя хрысціяне па-сапраўднаму з’яўляюцца нашымі братамі і сёстрамі ў Хрысце. Мы – браты. Хтосьці скажа: “Але гэты чалавек пратэстант, а той – праваслаўны”. Так! Але мы з’яўляемся братамі ў Хрысце”, — падкрэсліў Папа.

Пантыфік зазначыў, што аказанне гасціннасці ў адносінах мігрантаў іншых канфесій, гэта не “аднабаковы акт шчодрасці”, бо гэтыя людзі з’яўляюцца дарам, адплатай, паколькі разам з імі “атрымліваем тое, што Святы Дух пасеяў у сэрцах гэтых нашых братоў і сясцёр”.

“Прымаць хрысціян іншых традыцый, азначае, у першую чаргу, дэманстраваць Божую любоў да іх, бо яны – Божыя дзеці, нашыя браты; азначае прымаць тое, што Бог рэалізаваў у іх жыцці. Экуменічная гасціннасць патрабуе гатоўнасці слухаць іншых, патрабуе ўвагі да іх асабістых гісторый веры і гісторый іх супольнасцей, супольнасцей веры іншых традыцый, адметных ад нашай. Экуменічная гасціннасць прадугледжвае жаданне знаёмства з досведам Бога, які маюць іншыя хрысціяне, і чаканне атрымання духоўных дароў, якія з гэтага вынікаюць”, — звярнуў увагу Папа.

Святы Айцец заўважыў, што таксама і ў нашыя дні мора, у якім пацярпеў крушэнне Павел і яго спадарожнікі, працягвае заставацца месцам вельмі небяспечным.

“Ва ўсім свеце мігранты здзяйсняюць рызыкоўныя падарожжы, каб уцячы ад насілля, каб уцячы ад вайны, каб уцячы ад беднасці. Як Павел і яго спадарожнікі, яны сустракаюць раўнадушша, варожасць пустыні, рэк, мораў… Вельмі часта ім не дазваляюць высадзіцца ў партах. На жаль, часам яны сустракаюць варожасць з боку найгоршых з людзей. Іх выкарыстоўваюць злачынцы – гандляры людзьмі. У нашыя дні! Некаторыя з тых, хто мае ўладу, ставяцца да іх, як да лічбаў ці як да пагрозы. У нашыя дні! Часам негасціннасць, як хваля, адкідае іх назад у беднасць ці небяспеку, ад якіх яны ўцяклі”, — заўважыў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што хрысціяне, “павінны працаваць разам для сведчання мігрантам Божай любові, аб’яўленай Езусам Хрыстом”.

“Мы можам і павінны сведчыць, што ёсць не толькі варожасць з абыякавасцю, але, што кожны чалавек – каштоўны для Бога і любімы Ім. Супрацоўніцтва ў імя экуменічнай гасціннасці, асабліва на карысць тых, чыё жыццё найбольш уразлівае, зробіць усіх нас, усіх хрысціян – пратэстантаў, праваслаўных, католікаў, усіх хрысціян, – лепшымі людзьмі, лепшымі вучнямі і больш з’яднаным хрысціянскім народам. Гэта наблізіць да адзінства, якое з’яўляецца Божай воляй для нас”, — падкрэсліў Святы Айцец.

Вітаючы пілігрымаў, прысутных на агульнай аўдыенцыі, Папа Францішак адзначыў, што хрысціяне не могуць заставацца абыякавымі да драмы старых і новых форм беднасці, да самай цёмнай самотнасці, пагарды і дыскрымінацыі.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку