Папа Францішак: дыктатуры пачынаюцца з паклёпу

Спакуса паклёпніцкай камунікацыі была галоўнай тэмай гаміліі Папы падчас ранішняй св. Імшы, якую ён цэлебраваў 18 чэрвеня щ капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

Папа Францішак спаслаўся на літургічнае чытанне з Першай кнігі Валадарстваў, у якой распавядаецца пра вінаградара Набота, які не пажадаў прадаваць частку сваёй зямлі каралю Ахабу і за гэта быў забіты (21,1-16). Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што, каб дасягнуць сваёй мэты, Ахаб скарыстаўся фальшывымі сведчаннямі.

Гэта гісторыя з’яўляецца парадыгматычнай у адносінах да гісторыі Езуса, св. Стэфана і ўсіх мучанікаў, якія былі асуджаны з-за фальшывых абвінавачванняў, заўважыў Пантыфік. У той жа час, паводле яго слоў, яна нагадвае пра дзейнасць шматлікіх людзей, сярод якіх ёсць нават кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, якія выкарыстоўваюць падман, знішчаюць свабоду камунікацыі, каб нішчыць людзей і дабівацца сваіх мэтаў.

Папа Францішак прывёў у якасці прыкладу сітуацыю, калі адмяняюцца законы, якія рэгламентуюць працу сферы камунікацыі; калі ўся сістэма камунікацыі канцэнтруецца ў адных руках або ў руках групы, якая распаўсюджвае паклёпы, фальсіфікуе інфармацыю, аслабляе дэмакратычнае жыццё.

“Затым прыходзяць суддзі, каб судзіць гэтыя аслабленыя інстытуцыі, гэтых знішчаных людзей. Яны асуджаюць, і так умацоўваецца дыктатура. Усе дыктатуры пачыналіся так: з фальсіфікацыі інфармацыі, з пераходу камунікацыі ў рукі адной несумленнай асобы, несумленнага ўраду”- сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў, што падобным чынам адбываецца ў штодзённым жыцці: калі нехта жадае знішчыць іншага чалавека, пачынае карыстацца паклёпам, абгаворваць яго, казаць пра яго абуральныя рэчы. Гэта вялікая спакуса, якая вядзе да знішчэння асобы, заўважыў ён.

“Вялікае мноства людзей, вялікае мноства краін былі знішчаны вераломнымі і паклёпніцкімі дыктатурамі. Падумаем, напрыклад, пра дыктатуры мінулага стагоддзя. Падумаем, напрыклад, пра пераслед яўрэяў. Была паклёпніцкая камунікацыя, накіраваная супраць яўрэяў, і яны закончылі ў “Аўшвіцы”, бо лічылася, што не заслугоўвалі таго, каб жыць”, — сказаў Папа.

Паводле яго слоў, падобным чынам фальшывая камунікацыя выкарыстоўваецца сёння для знішчэння асобных людзей і нават краін. “Спачатку захопліваецца сфера камунікацыі, а потым адбываюцца знішчэнні, асуджэнні і смерць”, — сказаў іерарх.

Напрыканцы гаміліі Пантыфік заклікаў вернікаў яшчэ раз перачытаць біблійную гісторыю Набота і падумаць пра мноства знішчаных людзей і краін, а таксама пра шматлікія дыктатуры ў “белых пальчатках”, якія знішчылі цэлыя дзяржавы.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку