Папа Францішак: думаць пра канец жыцця – гэта мудра

Мудра думаць пра канец жыцця. Гэта не вельмі прыемна, але неабходна, заўважыў Папа падчас ранішняй святой Імшы, якую 27 лістапада  цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

У гаміліі Папа Францішак казаў пра канец свету і канец жыцця чалавека, бо “апошні тыдзень літургічнага года ў Касцёла прымушае задумацца менавіта аб гэтым”. Спасылаючыся на чытанне кнігі Апакаліпсіса (14,14-19), ён зазначыў, што тут канец свету прадстаўлены як жніво. Калі прыйдзе наш час, мы павінны будзем “паказаць якасць нашага зерня, якасць нашага жыцця”, – заўважыў Папа.

“Будзе карысна на працягу гэтага тыдня падумаць пра канец. Калі Пан пакліча мяне сёння, што буду рабіць? Што буду казаць? Якое зерне пакажу Яму?”, – параіў Папа Францішак. Ён падкрэсліў, што думкі пра канец жыцця павінны дапамагаць крочыць далей з надзеяй на сустрэчу з Богам.

“Так, наступіць канец, але гэты канец будзе сустрэчай: сустрэчай з Панам. Гэта праўда, што трэба будзе даць справаздачу з таго, што мы рабілі, але таксама, гэта будзе міласэрная, радасная, шчаслівая сустрэча. Думаць пра канец, пра канец стварэння, пра канец уласнага жыцця – гэта мудра. Мудрыя людзі так робяць”, – дадаў ён.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку