Святы Айцец у відэапасланні прывітаў удзельнікаў Фестывалю сацыяльнага вучэння Касцёла на тэму: “Прысутнічаць – сацыяльная поліфанія”. Форум праходзіць з 22 па 24 лістапада 2019 года ў Вероне.
Папа Францішак заўважыў, што прысутнічаць, значыць быць побач з чалавекам, дзяліцца з ім, суправаджаць яго, выцягваць з ізаляцыі і несці яму цяпло, здольнае вярнуць да жыцця.
Пантыфік заклікаў не адварочваць позірку ад праблем патрабуючых, спыняцца і не баяцца дакранацца да іх, аказваць дапамогу. “Як шмат людзей у сваім жыцці занадта позна заўважаюць, што не мелі часу для таго, каб спыніцца і пагуляць з дзецьмі, паразмаўляць з пажылымі бацькамі, што не клапаціліся пра адносіны з блізкімі, не былі гатовымі дапамагчы”, — заўважыў ён.
Пантыфік падкрэсліў, што для вырашэння праблем патрэбны не вялікія менеджэры, але ўменне заставацца з’яднанымі і не паддавацца раўнадушнасці”.
“Кожны з уласнымі якасцямі і дарамі можа стаць будаўніком братэрства. Свет змяняецца не тады, калі нехта чыніць цуды, але калі ўсе штодзённа робяць тое, што павінны. Трывалыя змены заўсёды пачынаюцца знізу, і ніколі як дзеянне зверху”, — заўважыў Папа.
Беларуская рэдакцыя Vatican News
