Папа Францішак адзначыў 50-годдзе святарства

Менавіта 13 снежня 1969 г. ён атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук аргентынскага біскупа Рамона Хасэ Кастэляна, пастыра архідыяцэзіі Кардоба.

Святы Айцец распавядаў, што вызначальным днём для распазнання Божага паклікання ў яго жыцці стала 21 верасня 1953 года. Як і многія іншыя маладыя людзі, Хорхэ Берголіа спяшаўся тады на святкаванне Дня студэнта ў кампаніі сваіх найлепшых сяброў. Перад гэтым, аднак, будучы практыкуючым католікам, ён вырашыў зайсці ў парафіяльны касцёл і прыступіць да сакраманту споведзі. У канфесіянале ён сустрэў незнаёмага святара, які адразу зрабіў на ім вялікае ўражанне.

“У той дзень споведзь не была незвычайнай. Я вярнуўся дамоў з моцнай перакананасцю: я хацеў, я павінен быў стаць святаром”, — казаў Пантыфік. Праз 13 гадоў пасля гэтай гісторыі ён стаў на калені, каб праз накладанне рук атрымаць сакрамант пасвячэння і пачаць сваё святарскае служэнне Богу і людзям.

“Тое, што мне больш за ўсё падабаецца – гэта быць святаром”, — прызнаваўся Папа Францішак у адным з інтэрв’ю, падкрэсліваючы, што аддае перавагу таму, каб яго называлі “ойча”. Гэта “духоўнае айцоўства” ён рэалізуе ў сваім жыцці ўжо на працягу паўстагоддзя. Спачатку як просты святар, потым як біскуп, а цяпер як Наступнік св. Пятра, Францішак нястомна атуляе айцоўскім клопатам вернікаў, духавенства, кансэкраваных асоб, бедных, хворых, людзей, якія вераць іншым чынам ці ўвогуле знаходзяцца далёка ад Бога.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку