Папа Францішак адзначае шостую гадавіну пантыфікату

13 сакавіка 2019 г. Папа Францішак адзначае шостую гадавіну абрання на Пасад св. Пятра. За гэтыя гады ён пакінуў багатую спадчыну з дакументаў, зваротаў, катэхез, новых святых і, галоўнае, сведчання веры.

За шэсць гадоў пантыфікату Папа прамовіў больш за тысячу гаміліі, з якіх каля 670 – у капліцы ватыканскага Дома св. Марты; выступіў з больш чым 1200 публічнымі зваротамі, 264 катэхезамі ў рамках агульных аўдыенцый па серадах, 342 каментарамі да нядзельнага Евангелля перад малітвай “Анёл Панскі”.

Святы Айцец выдаў дзве энцыклікі: “Lumen fidei”, напісаную ў “чатыры рукі” з Бэнэдыктам XVI і “Laudato si’”, прысвечаную экалогіі; тры Апостальскія адгартацыі: “Evangelii gaudium”, якая стала праграмным дакументам яго пантыфікату; “Amoris laetitia”, прысвечаную сям’і, “Gaudete et exsultate”, аб святасці ў сучасным свеце.

Пантыфік абнародаваў таксама 36 Апостальскіх канстытуцый, 27 Апостальскіх лістоў у форме “motu proprio”, булу, якой абвясціў Святы Юбілейны Год, прысвечаны Божай Міласэрнасці.

Папа старшынстваваў на трох Сінодах Біскупаў, два з якіх былі прысвечаны сям’і і адзін – моладзі. Ён здзейсніў 27 Апостальскіх падарожжаў, у рамках якіх наведаў 41 краіну свету, а таксама 24 падарожжы па тэрыторыі Італіі.

За час пантыфікату Папа Францішка ў Касцёле з’явіліся 49 святых, сярод якіх такія знакавыя для мінулага стагоддзя постаці як Ян ХХІІІ, Павел VI, Ян Павел ІІ, Маці Тэрэза з Калькуты, арцыбіскуп Оскар Рамэра, сведкі марыйных аб’яўленняў у Фаціце Франсішку і Жасінта Марту, бацькі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса – Луі Мартэн і Зэлі Герэн, а таксама больш за 1100 благаслаўлёных.

Пантыфік выкарыстовае для распаўсюджвання евангельскага паслання, галоўным чынам, уласны прыклад пакоры, любові і ўвагі да людзей, асабліва да найбольш патрабуючых і безабаронных, у якіх бачыць прысутнасць самаго Хрыста, а таксама іншыя сродкі, у тым ліку сучасныя тэхналогіі. Афіцыйны “папскі” канал у “Твітэр”, які мае дзевяць моўных версій, на сённяшні дзень чытае каля 50 млн. чалавек, а на старонку ў “Інстаграм” падпісаны каля 6 млн. чалавек розных веравызнанняў, нацыянальнасцей і культур.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку