Папа Францішак абвясціў малітоўную інтэнцыю на ліпень

Святы Айцец заклікае вернікаў і ўсіх людзей добрай волі прысвяціць ліпень асаблівай малітве за святароў у іх душпастырскім служэнні.

Сваю малітоўную інтэнцыю на бягучы месяц Францішак паведамляе і тлумачыць у адмысловым відэароліку, які Ватыканскі тэлецэнтр распаўсюдзіў 3 ліпеня 2018 года праз свой канал у YouTube.

Асновай для відэапаслання паслужылі вытрымкі з былых гамілій Пантыфіка, у якіх ён разважае адносна святарства.

“Святары, з іх добрымі якасцямі і недахопамі, выконваюць служэнне ў розных сферах”, – гэтымі словамі Папы з яго гаміліі падчас святой Імшы Хрызмы ў Вялікі Чацвер 2 красавіка 2015 года, якая адбылася ў базыліцы святога Пятра, распачынаецца відэазварот.

Затым узгадваецца гамілія Папы падчас Эўхарыстыі ў Ватыкане 3 чэрвеня 2016 года, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, з удзелам каля 6 тысяч святароў, якія прыбылі з усяго свету ў Рым у рамках так званага “юбілею святароў” у Надзвычайны Юбілейны Год Міласэрнасці. Тады Францішак падкрэсліў, што нават пасля расчаравання “перад такімі шматлікімі адкрытымі франтамі дзейнасці” святары “не могуць спыняцца”.

“У такія моманты карысна нагадваць сабе, што народ любіць сваіх пастыраў, мае ў іх патрэбу і спадзяецца на іх”, – узгадваецца парада Пантыфіка прадстаўнікам духавенства падчас літургіі 21 красавіка 2013 года ў ватыканскай базыліцы святогаПятра, у ходзе якой ён удзяліў святарскія пасвячэнні 10 навучэнцам рымскіх семінарый.

Завяршаецца відэаролік заклікам Францішка маліцца, “каб святары, якія перажываюць сваё душпастырскае служэнне з цяжкасцю і ў самоце, праз сяброўства з Панам і братамі адчувалі дапамогу і суцяшэнне”.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку