Папа: Эўхарыстыя дапамагае жыць не для сябе, а для іншых

Да належнага перажывання Эўхарыстыі, каб станавіцца крыніцай надзеі, радасці і міра, заклікаў Францішак падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў 20 красавіка ў горадзе Мальфета на поўдні Італіі.

Папа прыбыў сюды з нагоды 25-годдзя смерці мясцовага біскупа Антоніа Бэла, пасля таго як наведаў Алесана – родны горад гэтага пастыра і месца яго пахавання. Менавіта ў Мальфета знаходзілася біскупская рэзідэнцыя іерарха.

У гаміліі Пантыфік засяродзіўся над сэнсам Эўхарыстыі. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе не аб прыгожым абрадзе, але аб самай глыбокай, самай канкрэтнай, самай уражваючай камуніі з Богам, якую можна сабе ўявіць. Гэта камунія любові настолькі рэальная, што набывае форму пасілку, дадаў ён. “Хрысціянскае жыццё пачынаецца адсюль, з гэтай вячэры, на якой Бог нас насычае любоўю. Без Яго – Хлеба жыцця, ўсе намаганні ў Касцёле – дарэмныя…”, — сказаў Папа.

Эўхарыстыя дазваляе, каб, выходзячы з касцёла пасля св. Імшы, “мы жылі ўжо не для сябе, але для іншых”. Так, паводле Францішка, жыў біскуп Бэла. “Ён марыў аб Касцёле, спрагнёным па Езусе і неталерантным да марнасці”, — нагадаў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што Эўхарыстыя з’яўляецца таксама “Хлебам супакою”, паколькі спажываем яе разам з іншымі людзьмі. “Мы, якія дзелім гэтым Хлеб адзінства і супакою, пакліканы любіць кожнае аблічча, выпраўляць ўсе падзелы, быць заўсёды і паўсюль будаўнікамі міру”, — адзначыў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што з Эўхарыстыяй блізка злучана Божае слова, якое заклікае да перамены жыцця. Хрыстус жадае ад людзей не дыскусій і рэфлексій над Ягонымі словамі, але сапраўднага навяртання, сказаў Папа і, спасылаючыся на словы біскупа Бэла, заклікаў вернікаў нарэшце перайсці ад размоваў да канкрэтных спраў.

Пасля сустрэчы з Уваскрослым нельга чакаць, нельга адкладаць на доўгі час: трэба ісці, выходзіць, нягледзячы на ўсе праблемы і няўпэўненасці. “Мы ўсе пакліканы, у той сітуацыі, у якой знаходзімся, быць носьбітамі Пасхальнай радасці, “кур’ерамі надзеі”…”, быць “простымі і радаснымі пасланнікамі велікоднага Аллелюя”, сказаў Францішак.

Пантыфік звярнуў увагу на важнае значэнне, якое на шляху апостала Паўла мела паслухмянасць Богу і пакора. “Божае слова вызваляе, узносіць, чыніць так, каб мы ішлі наперад, адначасова пакорныя і мужныя”, — адзначыў Святы Айцец і заклікаў вернікаў з дапамогай Божага слова імкнуцца быць пераканаўчымі сведкамі Езуса ў свеце.

“На кожнай св. Імшы мы насычаемся Хлебам жыцця і Словам, якое збаўляе: будзем жа жыць тым, што цэлебруем! Такім чынам, падобна як Дон Таніна, будзем крыніцай надзеі, радасці і міра”, — сказаў Папа на заканчэнне сваёй гаміліі.

Ватыканскае радыё

для друку для друку