- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Папа: дапамагаць бліжняму выправіцца без асуджэння і плётак

[1]Заўсёды будаваць братэрскія адносіны, заснаваныя на ўзаемным прабачэнні і непераможнай сіле Божай міласэрнасці, — заклікаў Папа на малітве «Анёл Панскі», якая 6 верасня 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

Каментуючы евангельскі ўрывак на гэту нядзелю (Мц 18,15-20) Святы Айцец заўважыў, што ў ім утрымліваецца запрашэнне паразважаць аб двайным вымярэнні хрысціянскага жыцця: супольным, якое тычыцца клопату пра адзінства, еднасць Касцёла, і асабістым, якое прадугледжвае ўвагу і павагу да сумлення кожнага чалавека.

Каб паправіць брата, які здзейсніў памылку, Езус прапануе педагагічны метад выратавання, у якім можна вылучыць тры этапы. У першую чаргу Ён кажа: “Дакары брата, які памыліўся, сам-насам”. Гэта значыць не казаць публічна пра яго грэх. Гаворка ідзе пра далікатны падыход да брата, мэта якога не ў тым, каб асудзіць яго, але дапамагчы яму асэнсаваць тое, што ён зрабіў.

Гэту параду нялёгка здзейсніць на практыцы па некалькіх прычынах. Ёсць небяспека, што брат ці сястра адрэагуюць кепска, часам можа не хапіць даверлівых адносін з імі, а таксама могуць быць іншыя абставіны.

Можа здарыцца так, што нягледзячы на мае добрыя намеры, першая спроба пацерпіць паразу. «У такім выпадку добра не скарацца, але звярнуцца за падтрымкай да іншага брата ці сястры. Езус кажа: “Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух” (Мц 15,16). Гэта прадпісанне Закона Майсея. Яно можа здавацца дзеяннем, накіраваным супраць абвінавачанага, але на самой справе павінна абараніць яго ад фальшывых абвінаваўцаў. І Езус ідзе яшчэ далей: ад двух сведкаў патрабуецца не абвінавачваць і судзіць, а дапамагаць», — заўважыў Папа Францішак.

«Хрыстус разумее, што гэты падыход са сведкамі можа пацярпець паразу, у адрозненні ад Закона Майсея, згодна з якім для вынясення выраку дастаткова сведчанняў двух ці трох чалавек», — дадаў ён.

«Сапраўды, любові нават двух ці трох чалавек можа быць недастаткова. Тады Езус дадае: «скажы касцёлу» (Мц 15,17). Некаторыя сітуацыі тычацца ўсёй супольнасці. Ёсць рэчы, якія не могуць пакінуць раўнадушнымі іншых братоў: трэба яшчэ больш любові, каб вярнуць брата. Але часам таксама і гэтага можа быць недастаткова. Езус кажа: “А калі і касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік”. “Гэты выраз, які здаецца высакамерным, насамрэч з’яўляецца заклікам да таго, каб аддаць нашага брата ў рукі Бога: толькі Айцец здольны на яшчэ большую любоў, чым усе браты ўзятыя разам», — зазначыў Пантыфік.

Папа заклікаў ніколі не прыбягаць да пляткарства і ачарнення іншых людзей, таму што плёткі – «гэта пошасць, горшая за COVID». «Зробім высілак над сабой – ніякіх плётак», — дадаў ён.

Папа Францішак нагадаў, што любоў Езуса была настолькі моцнай, што Ён прымаў нават язычнікаў і мытнікаў, выклікаючы абурэнне “людзей цвярозага розума” сваёй эпохі. “Гаворка ідзе не пра незваротнае асуджэнне, але пра прызнанне таго, што часам нашыя чалавечыя спробы могуць пацярпець паразу, і толькі прабыванне сам-насам перад Богам можа паставіць брата перад абліччам яго ўласнага сумлення і адказнасцю за свае дзеянні”, — сцвердзіў Святы Айцец.

«Няхай Панна Марыя дапаможа нам зрабіць братэрскае папраўленне здаровай звычкай, каб нашы супольнасці маглі заўсёды ўстанаўліваць новыя братэрскія адносіны, заснаваныя на ўзаемным прабачэнні і асабліва на непераможнай сіле Божай міласэрнасці», — завяршыў разважанне Святы Айцец.

Беларуская рэдакцыя Vatican News [2]