Папа да моладзі: зрабіце ўласнымі мары Езуса

Францішак прыняў на аўдыенцыі каля 3 тыс. юнакоў і дзяўчат з італьянскага рэгіёну Брэшыя. Сустрэча прайшла 7 красавіка ў ватыканскай Зале Паўла VI. Святы Айцец горача заклікаў сваіх гасцей зрабіць мары Езуса Хрыста сваімі ўласнымі марамі.

“Вы гатовы слухаць Езуса і змяняць штосьці ў сабе? Калі знаходзіцеся тут, я думаю, што гэта так, але не магу і не хачу лічыць гэта як непазбежнае. Няхай кожны з вас паразважае ў душы, у сваім сэрцы: ці гатовы я зрабіць мары Езуса маімі ўласнымі альбо баюся, што Яго мары могуць “патурбаваць” мае?”, — спытаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што марай Хрыста з’яўляецца Божае Валадарства. Ён прагне сабраць вялікую сям’ю, як Айцец, які любіць усіх сваіх дзяцей і радуецца, калі дадому вяртаецца дзіця, якое згубілася. Каб адгукнуцца на гэту мару трэба адмовіцца ад “старога чалавека” ў сябе, гэта значыць адмовіцца ад эгаізму на карысць Божай логікі, логікі любові, падкрэсліў Францішак.

На заканчэнне сваёй прамовы Папа заклікаў моладзь наследаваць прыклад святых. У прыватнасці ён узгадаў пра св. Францішка Асізскага – апекуна Італіі, а таксама пра бл. Паўла VI, каназізацыя якога адбудзецца восенню і які таксама паходзіў з Брэшыі.

Ватыканскае радыё

для друку для друку