- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Папа да біскупаў Еўропы: духоўна пераасэнсаваць досвед пандэміі

[1]Папа скіраваў пасланне да ўдзельнікаў штогадовага пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ), якое праходзіць 25-26 верасня 2020 г. у фармаце анлайн-канферэнцыі.

Тэма сёлетняга форума: «Касцёл пасля пандэміі. Перспектывы для стварэння і грамадства». Святы Айцец заўважыў, што каронавірус глыбока паўплываў на жыццё ўсяго чалавецтва, абмяжоўваючы магчымасць кантактаў паміж людзьмі, змяняючы ўмовы грамадскага і эканамічнага жыцця.

«Значным чынам гэта паўплывала таксама на касцёльнае жыццё, прымушаючы да рэарганізацыі рэлігійных практык: шмат дзе душпастырская дзейнасць дагэтуль не прыстасавалася да новай сітуацыі», — дадаў ён. У сувязі з гэтым Папа заклікаў да вызначэння новых шляхоў служэння Касцёла ў актуальных умовах.

«Смерць шматлікіх пажылых людзей, трагедыі сем’яў, якія раптоўна сустрэліся з вялікімі і небяспечнымі пагрозамі, драма моладзі, закрытай дома, спыненне правядзення рэлігійных абрадаў і хрысціянскага фармацыйнага працэсу, падштурхнулі немалую колькасць святароў і манаскіх асобаў да вызначэння мужных шляхоў душпастырскага служэння, даючы сведчанне бацькоўскай і ласкавай блізкасці да народа», — папісаў Святы Айцец.

Перад абліччам вялікіх пакут людзей, якія Папа Францішак акрэсліў як «новыя формы беднасці», на яго думку, неабходна працягваць праяўляюць больш фантазіі ў міласэрнай любові, яшчэ мацней дэманструючы блізкасць да самых слабых, поўную ўвагі і шчодрасці.

«Хрысціянскія супольнасці пакліканы духоўна пераасэнсаваць тое, што мы перажылі, каб навучыцца таму, чаму вучыць жыццё і распазнаваць перспектывы на будучыню», — дадаў Святы Айцец.

Папа запэўніў удзельнікаў біскупскага пасяджэння ў малітве праз заступніцтва Панны Марыі і святых апекуноў – св. Бэнэдыкта, св. Кірыла і св. Мятода – пастыраў Касцёла ў Еўропе, каб «сярод вернікаў пашыралася цвёрдая вера, згодна з якой нішто не можа адлучыць нас ад любові Хрыста».

Пленарнае пасяджэнне Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы сёлета павінна было адбыцца з 25 па 27 верасня ў Празе, але па прычыне пандэміі каранавіруса было прынята рашэнне аб правядзенні форума выключна ў фармаце відэаканферэнцыі.

Беларуская рэдакцыя Vatican News [2]