Папа: Бог працягвае шукаць сэрцы, падобныя да сэрца Марыі

Сустрэча з Богам адбываецца ў нечаканых месцах, на ўскраінах і перыферыях, падкрэсліў Папа падчас Эўхарыстыі з вернікамі міланскай архідыяцэзіі, якую цэлебраваў ва ўрачыстасць Звеставання Пана, 25 сакавіка ў парку на тэрыторыі былога іпадрома ў Монце. У літургіі прынялі ўдзел каля мільёна чалавек.

Святы Айцец заўважыў, што радасць збаўлення бярэ пачатак у штодзённым жыцці дома маладой дзяўчыны з Назарэта. Як і ў выпадку Панны Марыі, Бог заўсёды бярэ ініцыятыву і ўваходзіць у нашыя дамы, штодзённыя змаганні, поўныя трывог і жаданняў, а радасць сустрэчы з Ім выяўляецца ў салідарнасці, гасціннасці і міласэрнасці да ўсіх, перакананы Папа.

Ён указаў тры шляхі, якія могуць дапамагчы хрысціянам жыць гэтай радасцю Евангелля і прыняць ускладзеную на іх місію. У першую чаргу важна памятаць пра мінулае, што “дапамагае нам не заставацца нявольнікамі прамоваў, якія сеюць надломы і падзелы, у якасці адзінага спосабу вырашэння канфліктаў”. “Зварот да памяці – наша найлепшае супрацьяддзе ад магічных спосабаў вырашэння падзелаў і адчужэння”, — сказаў Папа.

Таксама важна ўсведамляць сваю прыналежнасць да Божага Народу. Пантыфік нагадаў, што на тэрыторыі Ламбардыі пражываюць людзі розных культур і народнасцяў. “Гэта адно з вашых багаццяў. Вы народ, пакліканы прымаць разнастайнасці, інтэграваць іх з павагай і крэатыўнасцю, ухваляць навізну, якая паходзіць ад іншых», — падкрэсліў Святы Айцец і заклікаў міланцаў не баяцца даваць прытулак тым, хто мае ў гэтым патрэбу, памятаючы, што ў іх ёсць Бог.

Францішак лічыць, што важна верыць у магчымасць немагчымага. Трэба перастаць спадзявацца толькі ва ўласныя сілы і даверыцца Богу, які працягвае шукаць сэрцы, падобныя да сэрца Марыі, здольныя верыць, нават у незвычайных сітуацыях, адзначыў Святы Айцец напрыканцы гаміліі.

Пасля Эўхарыстыі Папа накіраваўся на футбольны стадыён Сан-Сіра, каб сустрэцца з маладымі людзьмі, якія рыхтуюцца да прыняцця сакраманту канфірмацыі.

Ватыканскае радыё

для друку для друку