Папа Бэнэдыкт ХVI адправіўся ў Германію да хворага брата 

Папа на пенсіі Бэнэдыкт ХVI знаходзіцца зараз у Рэгензбургу і застанецца там столькі, колькі гэтага будуць патрабаваць абставіны.

Неспадзявана Ёзэф Рацынгер раніцай 18 чэрвеня 2020 году пакінуў манастыр Mater Ecclesiae, які знаходзіцца на тэрыторыі Ватыкану, і паляцеў у Германію, каб быць разам са сваім 96-гадовым братам мансеньёрам Георгам, які цяжка захварэў. Папа на пенсіі знаходзіцца ў горадзе Рэгенсбург, “дзе ён правядзе неабходны час”, так патлумачыў Матэа Бруні, прэс-сакратар Святога Пасаду.

Перад ад’ездам Бэнэдыкта XVI Папа Рымскі Францішак прыехаў у манастыр, каб пажадаць яму добрага палёту і падтрымаць малітвай.

Разам з Бэнэдыктам XVI знаходзяцца яго сакратар, арцыбіскуп Георг Гаенсвайн, а таксама лекар, медбрат, адна памочніца і намеснік камандзіра корпуса Жандармерыі Дзяржавы Ватыкан.

Нягледзячы на свае 93 гады Папа Бэнэдыкт XVI дастаткова энэргічны і знаходзіцца ў добрай форме. Пасля прызямлення, перш чым сесці ў машыну, каб даехаць да дыяцэзіяльнай семінарыі ў Рэгензбургу, дзе на працягу ўсяго часу свайго прабывання Папа будзе пражываць, ён благаславіў маленькага Канстанціна, які нарадзіўся два тыдні таму назад.

Рашэнне аб падарожжы Папам Бэнэдыктам было прынята адразу, калі ён даведаўся, што здароўе яго брата ў апошнія дні хутка пагоршылася, але мансеньёр Георг Рацынгер працягвае заставацца ў сваім доме. З-за пандэміі каранавірусу мансеньёру Георгу не ўдалося быць у Ватыкане, як заўсёды, на Вялікдзень і на Дзень нараджэння Папы Бэнэдыкта XVI.

Папу Рымскага на пенсіі прывітаў біскуп Георг Батцынг, старшыня нямецкай біскупскай канферэнцыі, які выказаў вялікую радасць ад наведвання Папам Бэнэдыктам XVI Рэгензбургу. У той самы час праз сайт дыяцэзіі ён звярнуўся да прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі з просьбай “не перашкаджаць Папе на пенсіі клапаціцца пра брата і не парушаць іх супакой”.

Як перадаюць СМІ, сёння ўвечары браты Рацынгер разам цэлебравалі святую Імшу. Пасля двухгадзіннага прабывання Бэнэдыкта ў брата ён вярнуўся ў адведзены для яго апартамент у дыяцэзіяльнай семінарыі. Візіт Папы на пенсіі ў Рэгензбургу адпавядае пратаколу візітаў кіраўнікоў дзяржаў.

Мансеньёру Георгу Рацынгеру 96 гадоў, ён на тры гады старэйшы за Ёзэфа. Як узгадвае Vatican News, браты Рацынгер “прынялі святарскія пасвечанні разам у адзін дзень, 29 чэрвеня 1951 года ў Домскім Саборы ў Фрызінгу”. Лёс павёў іх “у розныя накірункі: Георг стаў геніяльным музыкантам, а Ёзэф – выбітным тэолагам, але ўзаемная сувязь паміж братамі заўсёды заставалася назломнай”. Пра гэта сведчаць шматлікія візіты, якія Георг Рацынгер здзейсніў у Ватыкан з 2005 па 2013 гады, у гады Пантыфікату брата, а таксама і пасля яго зыходу на пенсію.

Калі ў 2008 годзе савет гораду Кастэль Гандольфа, у якім знаходзіцца летняя папская рэзідэнцыя узнагародзіў Георга Рацынгера тытулам ганаровага грамадзяніна, Бэнэдыкт XVI сказаў: «З моманту нараджэння мой брат быў для мяне не толькі сябрам, але і надзейным правадыром. Ён заўсёды быў для мяне не звычайным, але выразным арыенцірам з рашучасцю сваіх дзеянняў”.

Падрыхтаваў і пераклаў кс. Аляксей Ляшко, паводле Vatican News і ACI Stampa.

для друку для друку