Папа асабіста прадставіў малітоўную інтэнцыю на люты (+відэа)

У лютым папа Францішак заклікае маліцца за ўсіх, хто перажывае выпрабаванні, асабліва за бедных, бежанцаў і маргіналізаваных. Ватыканскі тэлецэнтр распаўсюдзіў 2 лютага праз свой канал у “YouTube” відэаролік з адмысловым зваротам Святога Айца, у якім ён асабіста агучвае і тлумачыць сваю малітоўную інтэнцыю на бягучы месяц. 

Відэа прадстаўляе людзей, якія, праходзячы па гандлёвай вуліцы еўрапейскага горада, адрываюцца ад спраў, каб аказаць дапамогу бяздомнаму і змерзламу юнаку, што сядзіць на тратуары. 

“Мы жывём у гарадах, якія будуюць хмарачосы і гандлёвыя цэнтры, заключаюць буйныя здзелкі з нерухомасцю, але пакідаюць частку людзей на ўзбочыне, на перыферыі. Як наступства гэтай сітуацыі, вялікая колькасць насельніцтва аказваецца адчужанай і маргіналізаванай: без працы, без гарызонтаў, без выйсця. Не пакінем жа іх!”, — заклікаў Папа.

“Маліцеся разам са мной за ўсіх, хто перажывае выпрабаванні, асабліва за бедных, бежанцаў і маргіналізаваных, каб знайшлі гасціннасць і суцяшэнне ў нашых супольнасцях”, — агучыў сваю малітоўную інтэнцыю Пантыфік.

З 2017 года на кожны месяц прызначаецца толькі адна папская інтэнцыя – па чарзе або евангелізацыйная, або агульная, у той час як раней, на кожны месяц іх было дзве.

Ватыканскае радыё

для друку для друку