Папа ў Аглоне: “Не будзем баяцца адчуць моц пяшчоты”

Папа Францішак 3 22 па 25 верасня наведаў краіны Балтыі: Літву, Латвію і Эстонію.

У гонар стагоддзя незалежнасці

Візіт Пантыфіка быў прымеркаваны да стогадовага юбілею атрымання незалежнасці ў гэтых краінах.

Гэта было 23-е падарожжа Святога Айца за межы Італіі. Папа Францішак сустракаўся з кіраўнікамі дзяржаваў і прадстаўнікамі грамадскасці, а таксама ўзначаліў святыя Імшы ў Каўнасе, Аглоне і Таліне.

У Літву Папа прыляцеў у суботу 22 верасня. Пасля афіцыйнай цырымоніі прывітання ў аэрапорце, Святы Айцец сустрэўся з вышэйшым кіраўніцтвам Літоўскай Рэспублікі. У гэты ж дзень Пантыфік сустрэўся з моладдзю, духавенствам, а таксама памаліўся каля абраза Маці Божай Вастрабрамскай.

У нядзелю, 23 верасня, Папа наведаў Каўнас, другі па велічыні горад Літвы. Там ён цэлебраваў святую Імшу ў парку Сантакос, дзе сабралася каля 100 тысяч чалавек, сярод якіх было больш за 800 святароў.

У гэты ж дзень, па вяртанні ў Вільню, Пантыфік наведаў Музей акупацыі і Свабоды, дзе азнаёміўся з яго экспазіцыяй.

Панядзелак 24 верасня быў прысвечаны Латвіі. Папа сустрэўся з кіраўніцтвам Латвійскай Рэспублікі, усклаў кветкі да Манумента Свабоды, правёў экуменічную сустрэчу, а таксама наведаў лютэранскі сабор святога Якуба.

У другой палове дня Папа вылецеў у Аглону, дзе знаходзіцца адзіная ў Латвіі малая базіліка Маці Божай. Там прывітаць Папу сабралася каля 35 тысяч вернікаў, у тым ліку і больш за тысячу пілігрымаў з Віцебскай дыяцэзіі.

У апошні дзень свайго падарожжа, у аўторак 25 верасня, Папа наведаў Эстонію. Там ён сустрэўся з кіраўніцтвам Эстоніі, правёў экуменічную сустрэчу з моладдзю, сустрэўся з беднымі людзьмі, якім дапамагае Касцёл, а таксама цэлебраваў святую Імшу ў Таліне.

Другі ў гісторыі візіт Пантыфіка

Каб прывітаць Папу, у балтыйскія краіны накіравалася шмат пілігрымаў з Беларусі. З нашай дыяцэзіі найбольш пілігрымаў накіраваліся ў панядзелак у Аглону, вёску на ўсходзе Латвіі.

Дык чаму ж менавіта Аглону выбраў Папа для наведвання ў Латвіі?

Аглона па памерах параўнальная з Будславам, яе насельніцтва крыху меншае за тысячу чалавек. Але нягледзячы на невялікія памеры, Аглона мае багатую гісторыю. Калі верыць легендзе, менавіта ў Аглоне знаходзіцца магіла першага і адзінага караля Літвы Міндоўга.

Культ Маці Божай трывае на гэтых землях яшчэ з ХІІІ стагоддзя. У 1699 годзе ў Аглону прыбілі манахі дамінікане, якія пабудавалі тут драўляную святыню і кляштар.

У 1768–1789 гадах замест драўлянай святыні быў пабудаваны храм з цэглы ў стылі барока, у галоўным алтары якога быў змешчаны абраз Маці Божай, які быў напісаны ў XVII стагоддзі невядомым мастаком. Гэты абраз амаль адразу стаў славіцца як цудадзейны і ўжо тады ў Аглону накіроўвалася шмат пілігрымаў.

Падчас Другой сусветнай вайны, у 1944 годзе, пры набліжэнні фронту мясцовы святар зняў абраз Маці Божай і схаваў яго ў надзейным месцы. Праз некаторы час ён зноў быў змешчаны ў алтары храма.

Яшчэ ў савецкі час, у 1980 годзе, калі святкаваўся двухсотгадовы юбілей храма, Папа Ян Павел ІІ надаў яму статус малой базілікі.

А ўжо ў першыя гады незалежнасці Латвіі, 9 верасня 1993 года, Святы Айцец асабіста наведаў святыню, дзе прывітаць яго сабралася больш за 380 тысяч вернікаў.

Штогод на свята Унебаўшэсця Маці Божай, якое адзначаецца 15 жніўня, Аглону наведваюць дзясяткі тысячаў пілігрымаў не толькі з Латвіі, але і з суседніх краінаў.

Сёлетні візіт Пантыфіка быў ужо другі ў гісторыі гэтага месца. Трэба заўважыць, што гісторыя Аглоны і яе святыні шмат у чым нагадвае гісторыю нашага Будслава. Праўда, на жаль, у Будслаў яшчэ ні разу не прыязджаў Святы Айцец.

Урачыстая сустрэча

У Аглону Святы Айцец прыляцеў каля чатырох гадзін дня. Верталёт зрабіў некалькі кругоў над плошчай перад храмам, дзе вернікі віталі свайго Папу. Было бачна, як Пантыфік таксама махаў рукой у знак прывітання сабраным пілігрымам.

Пасля гэтага высокага госця сустрэлі на верталётнай пляцоўцы прадстаўнікі духавенства і кіраўніцтва краіны. Потым Папа Францішак накіраваўся на папамабілі па адмыслова зробленых дарожках, каб павітаць вернікаў. Людзі таксама з вялікай радасцю віталі святога Айца. Шмат хто здымаў гэта на мабільныя тэлефоны.

Нават надвор’е спрыяла гэтаму ўрачыстаму моманту. Перад прылётам Папы церушыў дробны дождж, а вось падчас прывітання ён супакоіўся і нават выглянула сонца.

– Хмары разышліся чорнымі кулісамі, ззаду за намі заззяла сонца, і тады з-за светлага касцёла вылецеў верталёцік, — так выказаўся пра гэта Антон Бубала, які прыехаў на сустрэчу са Святым Айцом з Верхнядзвінска.

Трэба адзначыць, што ў сувязі з візітам Папы, перад вернікамі была выстаўлена не копія абраза Маці Божай як звычайна, а арыгінальная выява Багародзіцы. Апошні раз гэта было амаль сто гадоў таму, у 1920 годзе – годзе, калі Латвія ўпершыню здабыла незалежнасць.

Хай Марыя будзе прыкладам

Пасля ўрачыстай сустрэчы распачалася святая Імша, якую ўзначаліў Папа Францішак. У сваім слове да вернікаў ён спаслаўся на дэвіз свайго падарожжа ў Латвію:  “Пакажы нам сваю Маці”.

Пантыфік звярнуў увагу, што ў  Евангеллі паводле св. Яна Марыя з’яўляецца ў дзвюх сітуацыях: на вяселлі ў Кане і пад крыжам свайго Сына Езуса.

Папа адзначыў, што Марыя паказвае сябе ў першую чаргу побач з тымі, хто церпіць, ад каго адварочваюцца ўсе людзі, яна побач з тымі, каго судзяць, каго дэпартуюць:

“Яна не толькі з тымі, хто падвяргаецца прыгнёту ці эксплуатацыі, але і з тымі, хто знаходзіцца “па-за сістэмай”, на ўзбочыне грамадства. З імі ёсць таксама Маці, прыбітая да крыжа неразумення і пакут”.

“Таксама і мы пакліканы “дакрануцца” да пакут іншых. Выйдзем насустрач нашаму народу, каб суцяшаць і суправаджаць яго. Не будзем баяцца адчуць моц пяшчоты і ўвайсці ў канкрэтнае жыццё іншых”, — заклікаў Святы Айцец.

Паводле Папы Францішка, недастаткова знаходзіцца побач з іншым чалавекам, каб адчуць яго боль і зразумець: “Колькі сужонкаў маглі б распавесці гісторыю таго, як яны былі блізкімі, але не разам; колькі маладых людзей адчуваюць больш гэтай аддаленасці ад дарослых; колькі пажылых людзей адчуваюць халодны дагляд, але не адчуваюць, што аб іх клапоцяцца і прымаюць з любоўю”.

Таму, па словах Папы, у розных складаных жыццёвых сітуацыях нам трэба браць прыклад з Божай Маці, якая была разам са сваім Сынам і ў радасныя моманты, калі Ён учыніў першы цуд на вяселлі ў Кане Галілейскай, і ў самыя цяжкія хвіліны, калі Езус паміраў на крыжы, а ўсе Яго вучні разбегліся.

Напрыканцы гаміліі Папа заклікаў вернікаў быць сапраўднымі, а не фанатычнымі хрысціянамі.

Высокая арганізацыя візіта

Напрыканцы Імшы Папа выказаў падзяку усім тым, хто спрычыніўся да арганізацыі яго візіту ў Латвію, а таксама асабіста падзякаваў прэзідэнту Раймандсу Веёнісу, які разам з жонкай прысутнічаў на богаслужэнні.

У якасці воты Папа Францішак прымацаваў да абраза свой ружанец.

Антон Бубала заўважыў яшчэ адзін цуд, звязаны з візітам Папы: “Калі Папа прамаўляў апошнія словы на развітанне, паміж двух вежаў узнік вялікі жураўліны клін. Журавы праляцелі над нашымі галовамі. Клін быў стройны, але з адной лакунай на месцы, дзе мусіў быць яшчэ адзін жураўлік”.

Калі верталёт з Папам ужо падняўся ў паветра, ён зрабіў некалькі кругоў над Аглонай на развітанне з вернікамі.

А людзі дзяліліся адзін з адным уражаннямі ад сустрэчы са Святым Айцом. “Калі Папа наблізіўся да нас, мяне ад хвалявання нават дрыжыкі прабралі,” – гаварыла адна дзяўчына. Іншая заўважыла, што прырода і тая спрыяла візіту высокага госця. “Перад самым яго прылётам хмары разышліся і выглянула сонца. Ці ж гэта не цуд, што Бог учыніў для нас?!” – гаварыла яшчэ адна жанчына.

“Я меў магчымасць другі раз у жыцці быць блізка ад Папы Францішка. Першы раз гэта было ў Рыме, на плошчы Святога Пятра, – падзяліўся ўражаннямі ксёндз Мікалай Ціхановіч, пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім, – І кожны раз, калі Папа блізка мяне праходзіў, сэрца, здавалася, аж выскоквала з грудзей”.

Усе адзначалі высокую арганізацыю візіту Пантыфіка. Усё было прадумана, нават была бясплатная мініральная вада ў сектарах з вернікамі. Таксама людзі адзначалі тую ветлівасць і павагу, якую праяўляла паліцыя да вернікаў.

Шмат хто з беларускіх пілігрымаў задаваўся пытаннем: а ці хутка прыедзе Папа ў Беларусь? І большасць з сумам канстатавала, што ў бліжэйшы час, хутчэй за ўсё, гэта не адбудзецца.

Але для Бога няма нічога немагчымага, таму будзем маліцца і спадзявацца.

Зміцер Лупач, тэкст;
Леанід Юрык, фота

для друку для друку