Пантыфіку падарылі чарговы матацыкл Harley – ён зноў пойдзе на аўкцыён

Чальцы асацыяцыі Jesus Biker з нямецкага Вюрцбурга падарылі Папу Францішку Pope-Harley-Davidson. Зроблены на заказ белы матацыкл, Пантыфік атрымаў падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

Машыну прадставілі Святому Айцу на плошчы св. Пятра нацыянальны дырэктар Missio-Austria, а. Карл Валнэр і пятнаццаць удзельнікаў мотаклуба. Harley будзе выстаўлены гэтым летам на аўкцыёне, а сродкі прызначаць на праект Missio-Austria ва Угандзе. Раней, у першы тыдзень ліпеня, ён паўдзельнічае ў амаль 2000-кіламетровым Peace Ride – з Вюрцбурга ў Рым. 7 ліпеня прадстаўнікі Jesus Biker хочуць прысутнічаць на плошчы св. Пятра на нядзельнай малітве Анёл Панскі з Папам. Ужо потым матацыкл адправіцца на аўкцыён.

“Мы разлічваем на вялікія сродкі ад аматараў матацыклаў Harley”, — прызнаўся а. Валнэр. Ён дадаў: “Папа пастаянна заклікае нас быць арыгінальнымі ў нашай місіянерскай дзейнасці”. Святар нагадаў, што Францішак абвясціў кастрычнік 2019 г. Надзвычайным місійным месяцам, каб прыцягнуць увагу да гэтай тэмы на ўзроўні ўсяго Касцёла. “Мы хочам арганізаваць мерапрыемствы, якія б матывавалі парафіі да місійнай дзейнасці, але і ўвасобілі творчыя ідэі ў місіі Касцёла”, — адзначыў нацыянальны дырэктар.

Асацыяцыя Jesus Biker была створана ў 2014 г. і ў цяперашні час аб’ядноўвае 40 матацыклістаў розных канфесій. Яны адкрыта вызнаюць свае перакананні і рэгулярна ўдзельнічаюць у розных ініцыятывах. Рэйдам міра (Peace Ride) яны хочуць прыцягнуць увагу людзей да веры ў Бога і прадэманстраваць, што захапленне яздой на матацыкле можна спалучаць з мірным пасланнем Езуса.

Гэта не першы Harley, які дораць Папу Францішку. У чэрвені 2013 г. вытворца ахвяраваў матацыкл Dyna Super Glide магутнасцю 1585 кубічных сантыметраў. На баку машыны быў змешчаны надпіс Francisco. Яна была прададзена на аўкцыёне ў Парыжы за 241 500 еўра. Грошы перадалі на дапамогу падапечным рымскай Caritas, якія начуюць на сталічнай чыгуначнай станцыі Termini.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку