Пантыфік зрабіў пілігрымку ў Ларэта

25 сакавіка прайшоў візіт Святога Айца ў Ларэта. Каля 9.00 верталёт з Пантыфікам на борце прызямліўся на тэрыторыі мясцовага моладзевага цэнтра імя св. Яна Паўла ІІ.

Праграма аднадзённай пілігрымкі ўключла Эўхарыстыю, якую Папа Францішак цэлебраваў у Папскім санктуарыі Святога Дома, падпісанне паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі, прысвечанай моладзі, сустрэчу з вернікамі і малітву “Анёл Панскі”.

Выключнасцю візіту стаў той факт, што ўжо больш чым паўтара стагоддзя ніводны Папа не цэлебраваў св. Імшу ўнутры санктуарыя Святога Дома. Гаворка ідзе пра дом Маці Божай – тое самае месца, дзе Панна Марыя атрымала Добрую вестку ад арханёла Габрыэля. У 1291 г. ён быў дастаўлены ў Ларэта з Назарэта.

Папа Францішак невыпадкова выбраў Ларэта ў якасці месца падпісання адгартацыі, якая стане вынікам Сінода Біскупаў, што праходзіў у Ватыкане з 3 да 28 кастрычніка 2018 года на тэму: “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”. Гэтым сімвалічным жэстам ён хацеў даверыць Маці Божай усю моладзь свету. Дакумент будзе абнародаваны ў бліжэйшыя дні.

Паводле Беларускай рэдакцыі Vatican News

для друку для друку