Пантыфік у Панаме: абед з моладдзю і кедравае крэсла

У Панаме, як і падчас папярэдніх Сусветных дзён моладзі, Папа Францішак будзе абедаць разам з маладымі прадстаўнікамі ўсіх кантынентаў. Па словах арганізатараў, ежа будзе тыповай для краіны.

У абедзе з Папам прымуць удзел 10 маладых людзей, якія прадстаўляюць 5 кантынентаў, а таксама, магчыма, два прадстаўнікі Панамы, краіны, што прымае Дні моладзі. Падрыхтоўкай ежы будзе займацца вядомая ў Панаме і рэгіёне Цэнтральнай Амерыкі шэф-повар Куквіта Арыас дэ Кальва. Арганізатары абяцаюць, што меню будзе “тыповае і каляровае”, і што яно было запланавана, беручы пад увагу густы Папы Францішка.

На пачатак будзе пададзены кошык цёплых закусак: традыцыйны панамскі канкалон, а таксама эмпанадзітас і карыманьёлас. Затым на стале з’явіцца салат з авакада і гаспача з буракоў. Галоўнай стравай стане тыповая панамская рыбы корвіна з гароднінай і традыцыйным панамскім гарнірам: рысам з какосам і платанам з падліўкай. У канцы удзельнікі абеду спрабуюць цэнтральнаамерыканскі дэсерт мэлькоча.

Сумесны абед Пантыфіка з маладымі людзьмі адбудзецца ў суботу ў архідыяцэзіяльнай семінарыі св. Юзафа.

Становяцца вядомымі і іншыя дэталі знаходжання Папы Францішка ў Панаме. Вядомы панамскі цясляр Эрна Гуардзіі зробіць крэсла, на якім Папа будзе сядзець падчас урачыстай кансэкрацыі архікатэдральнага касцёла ў сталіцы Панамы. Цырымонія адбудзецца 26 студзеня.

Двухметровае крэсла зроблена з кедравага дрэва, папулярнай у Панаме сыравіны для вытворчасці мэблі. Простую канструкцыю ўвянчае спінка трохкутнай формы, якую ўпрыгожаць два гербы: Папы Францішка і Ватыкана.

Панамскі сабор прысвечаны Маці Божай (Санта-Марыя-ла-Антыгуа) з’яўляецца першай катэдрай, пабудаванай на мацерыковай частцы Паўднёвай Амерыкі. Храм размешчаны ў гістарычным раёне Каско Антыгуа. Тут захоўваецца цудатворная статуя Маці Божай Старэйшай – апякункі Панамы.

Храм, які дзейнічае з 1688 г., з’яўляецца адным з самых вялікіх сабораў у Цэнтральнай Амерыцы і ўваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У апошнія гады ён прайшоў капітальны рамонт інтэр’еру і экстэр’еру. Па дадзеных прэзідэнцкай канцылярыі, кошт рамонту і аздаблення касцёла склаў каля 10,5 мільёнаў еўра. Яшчэ 4 мільёны еўра павінны плаціць рамонтны камітэт і Касцёл.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку