Пантыфік рэарганізаваў Губернатарат Дзяржавы Ватыкан

Папа Францішак рэарганізаваў Губернатарат Дзяржавы Ватыкан. Адмысловы ліст у форме “motu proprio” быў абнародаваны 6 снежня 2018 года, а падпісаны 25 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету.

Дакумент увойдзе ў сілу 7 чэрвеня 2019 года. Ён заменіць сабой нормы, прынятыя святым Янам Паўлам ІІ, якія дзейнічалі з 2001 года. Адзначаецца, што рэарганізацыя, гэта адказ на актуальныя патрэбы, і звязана яна з неабходнасцю памяркоўнай дэцэнтралізацыі.

У Губернатараце адбудзецца скарачэнне колькасці Дырэкцый, з дзевяці да сямі. Цяпер тут будуць існаваць Дырэкцыі: па пытаннях інфраструктуры і абслугоўвання; тэлекамунікацыі і сістэм інфарматыкі; эканомікі; бяспекі і грамадзянскай абароны; аховы здароўя і гігіены; музеяў і культурнай спадчыны; папскіх віл. Змены не закранулі Ватыканскую абсерваторыю.

Таксама прадугледжваецца скарачэнне колькасці Цэнтральных аддзелаў, з пяці да двух. Цяпер у Губернатараце будуць Аддзел па справах персаналу і Аддзел па прававых пытаннях.

Акрамя таго, прадугледжваецца стварэнне Падраздзялення па кантролі і інспекцыі, місія якога будзе заключацца ў кантролі за выкананнем прававых норм і працэдур, а таксама ў ацэнцы эфектыўнасці дзейнасці структур Губернатарата.

Прынцыпамі і крытэрыямі рэформы з’яўляецца рацыяналізацыя, эканомія, спрашчэнне, функцыянальнасць, транспарэнтнасць, нарматыўная паслядоўнасць і арганізацыйная гібкасць. Папа Францішак даручыў кантроль за рэалізацыяй пастаноў кардыналу Джузэпэ Бэртэла, старшыні Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан і старшыні Губернатарата  Дзяржавы Ватыкан, якому будзе дапамагаць адмысловая рабочая група.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку