Пантыфік: не баяцца “запэцкаць” рукі служэннем

Быць хрысціянамі, якія не баяцца “запэцкаць” рукі і вопратку служачы людзям, заклікаў Папа Францішак падчас ранішняй св. Імшы, якую 8 кастрычніка 2018 года цэлебраваў у капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

Спасылаючыся на чытанне з Евангелля св. Лукі (Лк 10, 25-37), Папа Францішак скіраваў свае думкі да галоўных дзеючых асоб прыпавесці пра Добрага Самараніна.

Папа нагадаў, што тут гаворка ідзе пра разбойнікаў, якія збілі да крыві чалавека і пакінулі яго ледзь жывога; святара, які, убачыўшы параненага, прайшоў міма, думаючы толькі пра набліжэнне “часу Імшы”; пра левіта, чалавека, які добра ведаў Закон, але таксама абмінуў таго, хто пакутаваў.

Двое апошніх, на думку Пантыфіка, гэта “функцыянеры”, якія не лічаць сваім абавязкам дапамогу параненаму. Той, аднак, хто злітаваўся і не прайшоў міма – быў самаранінам, “грэшнікам, экскамунікаваным ізраільскім народам”.

Паводле Францішка, магчыма, гэты чалавек быў гандляром, які знаходзіцца ў дарозе па справах. “Але ён не глядзеў на гадзіннік, не зважаў на кроў. “Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном”. Запэцкаў свае рукі, запэцкаў сваю вопратку. Потым “пасадзіў яго на сваю жывёлу, прывёз у заезд”, увесь запэцканы, у крыві. (…) Ён не сказаў: “Я пакіну яго тут, а вы паклічце лекараў. Я пайшоў, бо выканаў свой абавязак”. Не. Ён паклапаціўся пра яго, нібыта кажучы: “Зараз ты належыш мне, але не як уласнасць, а каб я служыў табе. Ён быў не функцыянерам, а чалавекам з сэрцам, чалавекам з адкрытым сэрцам”, — зазначыў Папа.

Святы Айцец заклікаў вернікаў паразважаць аб адкрытасці на нечаканыя сітуацыі, якія стварае ў іх жыцці Бог. Запрасіў спытаць, ці не задавольваюцца яны толькі наведваннем нядзельнай св. Імшы, прыняццем св. Камуніі і споведдзю адзін раз на год. Калі людзі робяць толькі гэта, лічыць Папа, яны з’яўляюцца “функцыянерамі”, якія шмат ведаюць пра Бога, але не сустракаюць Яго. Яны не здольныя здзіўляцца сведчанню і не ўмеюць даваць яго.

Папа Францішак нагадаў думку старажытных тэолагаў, якія лічылі, што ў прыпавесці пра Добрага Самараніна заключана ўсё Евангелле. “Кожны з нас – гэта паранены чалавек, а Самаранін – гэта Езус. Менавіта Ён залячыў нашы раны. Ён наблізіўся да нас, паклапаціўся пра нас, заплаціў за нас і сказаў свайму Касцёлу: “Калі будзе патрэбна больш, заплаці ты, а я вярнуся і ўсё аддам”. Падумайце добра: у гэтым урыўку змешчана ўсё Евангелле”, — заклікаў на заканчэнне гаміліі Пантыфік.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі