Пантыфік: нам не хапае канкрэтнасці падчас споведзі

Ілюстрацыйнае фота

Неабходныя пакора і прастата, каб прызнацца ў сваіх канкрэтных грахах і такім чынам атрымаць Божае прабачэнне, — падкрэсліў Святы Айцец 29 красавіка 2020 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі.

У гаміліі Папа спаслаўся на фрагмент Першага паслання св. Яна (1, 5-2, 2), у якім апостал кажа: “Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды. Калі ж вызнаём грахі нашыя, то Ён, верны і справядлівы, прабачыць нам грахі і ачысціць нас ад усялякай несправядлівасці. Калі кажам, што мы не зграшылі, то робім Яго ілгуном, і няма ў нас слова Ягонага”.

«Праўда заўсёды канкрэтная, а хлусня – лятучая, падобная да паветра, няўлоўная. Не можна прыйсці на споведзь і вызнаваць свае грахі абстрактным чынам», — адзначыў Папа.

Затым Папа Францішак спаслаўся на ўрывак з Евангелля св. Мацвея (11, 25-30), у якім Езус праслаўляе Айца за тое, што “схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям”. Ён заўважыў, што дзеці спавядаюцца ў сваіх грахах проста і канкрэтна, таму што маюць прастату, дадзеную Богам.

«Мы таксама павінны быць простымі і канкрэтнымі, прызнавацца ў сваіх канкрэтных грахах з пакорай і сорамам. Канкрэтнасць вядзе нас да пакоры. І Пан даруе нам: мы павінны назваць свае грахі. Калі мы абстрактныя і ўсеагульныя ў сваёй споведзі, апынёмся ў цемры», — адзначыў Святы Айцец.

Ён заўважыў, што д’ябал хоча, каб мы жылі ў шэрасці: былі ні белымі, ні чорнымі, і нагадаў, што Пан не ўспрымае летніх.

«Калі мы прызнаёмся ў сваіх грахах, Бог верны, і проста прабачае нас: Ён даруе нам, калі мы канкрэтныя. Духоўнае жыццё вельмі простае, мы самі ўскладняем яго нюансамі», — адзначыў Папа.

«Давайце папросім у Пана ласку прастаты, каб Ён даў нам тую ласку, якую дорыць людзям простым, дзецям, моладзі, якія кажуць тое, што адчуваюць, не хаваючы нічога. Нават калі нешта дрэннае, яны кажуць аб гэтым. Таксама ў адносінах з Богам справы павінны быць выражаны, тут неабходная празрыстасць. (…) Нам патрэбна ласка свабоды, каб вымавіць гэта, а таксама ласка добрага разумення, хто мы для Бога», — заўважыў Папа Францішак, падсумоўваючы сваю рэфлексію.

Завяршыла літургію адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і Эўхарыстычнае благаслаўленне. Папа заклікаў вернікаў, якія ўдзельнічалі ў прамой трансляцыі, прыняць св. Камунію духоўным чынам.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку