Пантыфік: Езус знішчыў трыўмфалізм сваёй мукай

На спакусу трыўмфалізма Хрыстус адказаў, застаючыся верным шляху пакоры, падкрэсліў Папа падчас святой Імшы, якую цэлебраваў 14 красавіка ў Пальмовую нядзелю на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

На пачатку гаміліі Францішак нагадаў пра “прывітальныя воклічы” і “святочныя ўскліканні”, якія суправаджалі ўваход Езуса ў Ерузалем, а таксама на прыніжэнне Хрыста і “лютую раз’юшанасць” людзей, якія мелі месца потым. Гэта двайная таямніца штогадова ўводзіць у Вялікі тыдзень праз працэсію з пальмовымі і аліўкавымі галінкамі, а таксама ўрачыстае чытанне апавядання пра муку Пана.

Езус паказвае нам, як “перажываць цяжкія хвіліны і самыя падступныя спакусы, захоўваючы ў сэрцы супакой, які не з’яўляецца адлучанасцю, безудзельнасцю ці супермэнствам, але даверлівым адданнем Айцу і Яго волі збаўлення, жыцця, міласэрнасці”, зазначыў Пантыфік.

“Праз свой уваход у Ерузалем, Ён таксама ўказвае нам шлях, таму што ў гэтай падзеі, злы, князь гэтага свету, хацеў разыграць пэўную карту: карту трыўмфалізма, а Пан адказаў, застаючыся верным свайму шляху, шляху пакоры”, – зазначыў Святы Айцец.

Папа Францішак падкрэсліў, што трыўмфалізму ўласціва дасягненне мэты кароткім шляхам, шляхам фальшывых кампрамісаў. “Трыўмфалізм жыве жэстамі і словамі, якія, аднак, не прайшлі праз горан крыжа. Ён умацоўваецца параўнаннем з іншымі, якія заўсёды бачацца горшымі, дэфектнымі, няўдачнікамі… Абвостранай формай трыўмфалізму ёсць духоўная марнасць, якая з’яўляецца найбольшай небяспекай, самай каварнай спакусай, што пагражае Касцёлу. Езус знішчыў трыўмфалізм сваёй мукай”, – сцвердзіў Папа.

Паводле Святога Айца, Езус раздзяляў радасць моладзі і бедных, якія віталі Яго на вуліцах Ерузалема, таму што “пакора не азначае адмаўленне рэальнасці”, а “Езус – гэта рэальны Месія, Кароль”.

Але, у той жа час, сэрца Хрыста знаходзілася на іншым шляху, на святым шляху, які ведалі толькі Ён і Айцец. Гэта шлях ад “постаці Бога” да “постаці слугі”, шлях прыніжэння ў паслухмянасці “ажно да смерці, смерці крыжовай”. “Ён ведае, што, каб дасягнуць сапраўднага трыўмфу, трэба зрабіць месца для Бога, а гэта магчыма зрабіць толькі адным чынам: адрачэннем, адмаўленнем ад сябе”, — сцвердзіў Папа.

“Маўчаць, маліцца, прынізіцца. З крыжам нельга весці перамоў. Або прымаем, або адмаўляемся ад яго. Праз сваё прыніжэнне Езус пажадаў адкрыць нам шлях веры і апярэдзіць нас на ім”, – дадаў ён.

Паводле Папы, першым, хто прайшоў па гэтым шляху пасля Хрыста, была Маці Божая. “Панна і святыя павінны былі цярпець, каб крочыць ў веры і Божай волі”, перажываць “ноч веры”, бо толькі з яе можа выйсці “світанак уваскрасення”.

Стоячы ля падножжа крыжа Панна Марыя пераасэнсавала словы, якія арханёл сказаў пра яе Сына: “Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца”. “На Галгоце Марыя апынулася перад абліччам поўнага абвяржэння гэтага абяцання: яе Сын паміраў на крыжы як злачынец. Так трыўмфалізм, знішчаны прыніжэннем Езуса, быў таксама знішчаны ў сэрцы Марыі. Абодва здолелі маўчаць”, – зазначыў Пантыфік.

Спасылаючыся на Сусветны дзень моладзі Францішак прыгадаў, што таксама шматлікія маладыя святыя былі здольныя крочыць шляхам пакоры і паслухмянасці.

“Дарагая моладзь, не саромцеся дэманстраваць ваша захапленне Езусам, крычаць, што Ён – жыве, што з’яўляецца вашым жыццём. Але, адначасова, не бойцеся ісці за Ім па шляху крыжа. А калі пачуеце, што Ён просіць вас адрачыся ад сябе, адмовіцца ад вашага камфорту, цалкам даверыцца Айцу, Які ёсць у небе, тады радуйцеся і веселіцеся! Вы знаходзіцеся на шляху Божага Валадарства”, – запэўніў Папа.

Пантыфік заклікаў наследаваць прыклад маўчання Езуса падчас мукі. Трэба ўмець маўчаць у цяжкія моманты. Але маўчанне павінна быць пакорным, не злобным.

“Лагоднасць маўчання зробіць так, што вы будзеце здавацца яшчэ больш слабымі, больш прыніжанымі, і тады злы, расхрабрыцца і выйдзе з засады. Трэба супрацьстаяць яму ў маўчанні, “трымаючы пазіцыю”, але з паставай Езуса”, – параіў Святы Айцец.

Паводле Папы, перад абліччам цяжкасцяў трэба дазволіць Богу весці барацьбу са злом, прыбываючы ў бяспечным месцы – пад плашчом Марыі. “І пакуль чакаем, калі Пан прыйдзе і суцішыць буру, праз наша маўклівае малітоўнае сведчанне мы дадзім сабе і іншым “слова пра нашу надзею”. Гэта нам дапаможа жыць у святой напружанасці паміж памяццю пра абяцанні, рэальнасцю прывязанасці да сучаснасці крыжа і надзеяй на ўваскасенне”, – закончыў сваю гамілію Папа Францішак.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку