Пантыфік блаславіў алтар малітвы за мір

Папа блаславіў алтар, перад якім будуць адбывацца спецыяльныя малітвы ў інтэнцыі міру. Гэта адбылося 29 жніўня перад агульнай аўдыенцыяй у Ватыкане.

Алтар будзе размешчаны ў адмысловай Капліцы супакою, якую 1 верасня ўрачыста адкрыюць ў польскім мястэчку Непакалянаў у рамках ініцыятывы “Дванаццаць зорак на кароне Марыі Каралевы Супакою”, якую рэалізуе асацыяцыя “Супольнасць Каралевы Супакою” (Communità Regina della Pace).

Праект прадугледжвае стварэнне цэнтраў эўхарыстычнай адарацыі і няспыннай малітвы за мір у самых неспакойных кропках свету. Плануецца, што іх будзе дванаццаць, па колькасці зорак на кароне Маці Божай. Капліца ў Непакалянаве стане ўжо восьмай.

Раней былі створаны месцы адарыцыі і малітвы ў інтэнцыі міру: у Іерусаліме (Ізраіль), Меджугор’і (Боснія і Герцагавіна), Азёрным (Казахстан), Ямусукры (Кот-д’Івуар), Бэтлееме (Палестына), Кібехе (Руанда) і Нам’янгу (Паўднёвая Карэя). Падобныя капліцы плануецца пабудаваць таксама ў Паўднёвай і Паўночнай Амерыках, Аўстраліі і Акіяніі. Кожны алтар, які ўстанаўліваецца ў іх, бласлаўляе Папа.

“Супольнасць Каралевы Супакою” была заснавана ў 2008 года ў Радаме, у Польшчы. Малітоўная ініцыятыва падтрымліваецца польскім епіскапатам.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку