Пантыфік запрасіў на абед сірыйскіх бежанцаў

papa bezancyСвяты Айцец паабедаў з групай сірыйскіх бежанцаў, якім некалькі месяцаў таму дапамог перабрацца з грэчаскага востраву Лесбас у Рым. Абед адбыўся 10 жніўня ў Доме св. Марты – цяперашняй ватыканскай рэзідэнцыі Пантыфіка. 

Бежанцы мелі магчымасць распавесці Папу пра досвед першых месяцаў пражывання ў Італіі. Дзеці падарылі Францішку свае малюнкі, а Папа адудзячыў ім цацкамі і іншымі падарункамі, распавёў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк.

Бежанцы – 21 чалавек – патрапілі ў Рым дзякуючы асабістай ініцыятыве Францішка. Першая група – з 12 чалавек – прыбыла разам з Папам 16 красавіка 2016 г., а другая – 18 чэрвеня – дзякуючы гуманітарнаму калідору, арганізаванаму каталіцкай дабрачыннай “Супольнасцю св. Эгідзія”. Апостальская Сталіца займаецца фінансаваннем іх пражывання і дапамагае ў пошуку працы і інтэграцыі ў італьянскае грамадства. 

На абедзе прысутнічалі таксама: субстытут Дзяржсакратарыяту, арцыбіскуп Анджэла Бэчу; заснавальнік “Супольнасці св. Эгідзія”, прафесар Андрэа Рыкардзі і некалькі членаў гэтага аб’яднання, а таксама камандуючы корпусам Ватыканскай жандармерыі Даменіка Джані і два жандармы, якія дапамагалі даставіць сем’і бежанцаў з Лесбаса ў Рым.

Ватыканскае радыё

для друку для друку