Пантыфік у Арменіі: малітва аб міры і адзінстве хрысціян

papaarmenijaДля адзінства ўсіх хрысціян неабходна паўсюдная малітва. Да яе заклікаў папа Францішак увечары 25 чэрвеня падчас экуменічнай сустрэчы за мір, якую правёў у Ерэване разам з Вярхоўным Патрыярхам і Каталікосам усіх армян Гарэгінам ІІ.

Францішак выказаў надзею на тое, што прыйдзе дзень, калі Каталіцкі Касцёл і Армянская Апостальская Царква з’яднаюцца перад алтаром Пана ва Эўхарыстычным адзінстве. Гэты шлях да ўз’яднання, па словах Папы, асвятляюць прыклады шматлікіх сведкаў, у тым ліку хрысціянскіх мучанікаў. Святы Айцец узгадаў Каталікоса ўсіх армян св. Нэрсэса Шноралі, які быў перакананы, што для адзінства ўсіх хрысціян недастаткова “добрай волі некага ў Касцёле”: патрэбна паўсюдная малітва. “Менавіта аб дары малітвы я прыйшоў сёння прасіць вас”, — прызнаўся Пантыфік.

Францішак нагадаў аб вучэнні св. Нэрсэса, які заклікаў узрастаць ва ўзаемнай любові, бо толькі яна “здольная аздараўляць памяць і залечваць раны мінулага”. “Па яго прыкладзе мы закліканы з адвагай пазбаўляцца зацвярдзелых перакананняў і ўласных інтарэсаў у імя любові, якая прыніжаецца і прыносіць сябе ў дар, у імя пакорлівай любові: яна з’яўляецца благаслаўлёным алеем хрысціянскага жыцця, каштоўнай духоўнай маззю, якая вылечвае, узмацняе і асвячае”, — сказаў Пантыфік.

Словы “спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю” з евангельскага ўрыўка паводле св. Яна (Ян 14, 27), які быў прачытаны падчас экуменічнай малітвы, на думку Францішка, заклікаюць выпрошваць у Бога дар міру. У ім мае вялікую патрэбу сучасны свет, пазначаны войнамі і канфліктамі, жорсткасцю і пераследамі, непаважлівым стаўленнем да чалавека, асабліва калі гаворка ідзе пра слабых, бедных і тых, хто просіць толькі годных умоў жыцця. 

У гэтым кантэксце Пантыфік узгадаў вынішчэнне армян на тэррыторыі Асманскай імперыі ў 1915 г. і сказаў, што аб гэтых падзеях неабходна памятаць, каб яны служылі “перасцярогай ва ўсе часы, каб свет больш ніколі не пападаў у спіраль падобных памылак”.

Звярнуўся Папа і да армянскай моладзі, якой “належыць будучыня”, у тым ліку намаганні па прымірэнні паміж народамі Арменіі і Турцыі і пабудове міру ў Нагорным Карабаху.

На завяршэнне сваёй прамовы Францішак узгадаў св. Грыгорыя з Нарэка, абвешчанага Доктарам Паўсюднага Касцёла, а яго знакамітую “Кнігу пакутных песняў” назваў “духоўнай канстытуцыяй армянскага народу”. “Яго ўніверсальная салідарнасць з усім чалавецтвам з’яўляецца вялікім хрысціянскім пасланнем міру, журботным крыкам, які выпрошвае міласэрнасць для ўсіх”, — адзначыў Пантыфік.

Экуменічная малітва аб міры Папы і Вярхоўнага Патрыярха і Каталікоса усіх армян Гарэгіна ІІ адбылася на плошчы Рэспублікі ў Ерэване ў прысутнасці каля 50 тыс. чалавек. Яна завяршыла афіцыйную праграму другога дня Апостальскага візіту Святога Айца ў Арменію.

Ватыканскае радыё

для друку для друку