Пантыфік сустрэўся з новымі рэкрутамі Швейцарскай гвардыі

40 новых рэкрутаў Папскай швейцарскай гвардыі складуць прысягу на вернасць Святому Айцу. Урачыстая цырымонія прайшла вечарам 6 мая 2017 г. у Ватыкане. На ёй прысутнічалі родныя і блізкія гвардзейцаў. Перад гэтым Папа прыняў іх на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы.

Паводле яго слоў, прысутнасць вялікай колькасці гасцей з Швейцарыі дэманструе цёплыя пачуцці католікаў гэтай краіны да Апостальскай Сталіцы, хрысціянскае выхаванне і добры прыклад, праз які бацькі перадалі сваім дзецям веру, разуменне каштоўнасці прыналежнасці да хрысціянскай супольнасці і касцёльнага служэння.

Пантыфік адзначыў, што ў сучасную эпоху перад гвардзейцамі не стаіць задача гераічнага ахвяравання ўласнага жыцця, але іншай ахвяры, не менш цяжкай: служыць моцы веры. “Вы пакліканы быць моцнымі і цнатлівымі, умацаванымі верай у Хрыста і Яго збаўчым словам. Ваша прысутнасць у Касцёле, ваша важнае служэнне ў Ватыкане з’яўляецца нагодай для ўзрастання ў якасці адважных “ваяроў Хрыста”, — сказаў Папа.

Ён заклікаў рэкрутаў сваімі паводзінамі і святасцю жыцця даваць шчырае хрысціянскае сведчанне перад шматлікімі пілігрымамі, якія прыбываюць у Рым. “Адчувайце сябе актыўнай часткай вялікага Божага народу, місійнымі-вучнямі, задзейнічанымі ў сведчанні Евангелля ў асяроддзі, у якім працуеце і бавіце вольны час”, — сказаў Пантыфік. Ён нагадаў таксама пра важнасць “маленькіх штодзённых жэстаў”, адкрытасці, ветлівасці і цярплівасці для гвардзейцаў.

З сёлетніх прызыўнікоў, 23 родам з нямецкамоўных кантонаў Швейцарыі, 13 – з франкамоўных, 4 – з італамоўных. Колькасць навабранцаў з’яўляецца самай высокай за апошні час. У 2016 г. было 23 новыя рэкруты, у папярэднія гады – ад 30 да 40.
Швейцарская гвардыя служыць Пантыфікам з 1506 г. Зараз яна налічвае каля 110 афіцэраў і салдат. У яе шэрагі ўступаюць маладыя католікі ва ўзросце ад 19 да 30 гадоў. У Ватыкане яны служаць па меншай меры 25 месяцаў. Прысяга адбываецца штогод 6 мая, у памяць аб гераічным чыне 147 швейцарскіх салдат, якія ў 1527 г. загінулі, абараняючы папу Клімента VII ад войск імператара Карла V.

У гэтым годзе ўпершыню навабранцы прайшлі дадатковае навучанне ў адным з падраздзяленняў швейцарскай паліцыі. Яны будуць несці адказнасць за асабістую абарону Папы і кантраляваць уваходныя брамы Ватыкану.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку