- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Пантыфік прызнаўся, што едзе ў Мексіку, каб “заразіцца” там багаццем веры

meksika [1]Духоўнае абнаўленне, барацьба з карупцыяй і насіллем, прыхільнасць дыялогу і міру – гэта асноўныя тэмы інтэрв’ю Францішка мексіканскаму інфармацыйнаму агенцтву “Notimex”, якое з’явілася за некалькі дзён да яго апостальскага падарожжа ў Мексіку, запланаванага на 12-18 лютага 2016 г. Прычым, пытанні Пантыфіку агенцтва папрасіла задаць некалькіх мексіканцаў.

“У Мексіцы я жадаю быць прыладай міру”, — прызнаўся Францішак і сказаў, што хоча маліцца разам з мексіканцамі за вырашэнне праблем насілля і карупцыі, гандлю людзьмі і арганізаванай злачыннасці. За гэта трэба змагацца штодня, лічыць ён.

Сённяшняе мексіканскае грамадства патрабуе спакою, пабудаванага на пяшчоце і разуменні. “Дыялог” тут павінен стаць “ключавым словам”. Ён павінен адбывацца як паміж палітыкамі, так і простымі грамадзянамі. Мы павінны размаўляць і слухаць аргументы іншых, падзяліўся сваім меркаваннем Папа. У інтэрв’ю Францішак некалькі разоў спаслаўся на Маці Божую Гвадэлупскую і выказаў упэўненасць, што менавіта ў яе мексіканцы павінны прасіць дапамогі і апекі.

Святы Айцец лічыць, што Мексіка патрабуе “духоўнага абнаўлення”. Падставай для яго павінна стаць вера. “Наша вера – гэта не вера з музея. Касцёл – гэта не музей. Наша вера нарадзілася з кантакту, дыялогу з Езусам”, — нагадаў ён і дадаў, што з гэтай верай трэба “выходзіць на вуліцы”, і “не толькі для працэсій”, але і для сведчання “на працоўным месцы, у школе, у сям’і”.

Пантыфік прызнаўся, што едзе ў Мексіку хутчэй, “як пілігрым, каб спаткаць мексіканскі народ” і “заразіцца” ад яго багаццем веры. Ён нагадаў, што людзі ў гэтай краіне ніколі не павінны адчуваць сябе сіротамі, таму што маюць Маці Божую Гвадэлупскую. На заканчэнне Францішак пажартаваў, прыгадаўшы мясцовую прымаўку, што нават кожны мексіканскі атэіст з’яўляецца шанавальнікам Гвадэлупскай Мадонны.