Пантыфік прыняў Апостальскага Нунцыя ў Беларусі

10 лістапада 2017 г. Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане арцыбіскупа Габара Пінтэра, Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь. Перад гэтым Пантыфік сустрэўся таксама з арцыбіскупам Пэдра Лопэсам Квінтана, Апостальскім нунцыем у Літве, Латвіі і Эстоніі.

Аўдыенцыя для арцыбіскупа Пінтэра адбылася за дзень да 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Апостальскай Сталіцай і Беларуссю. Менавіта 11 лістапада 1992 г. кампетэнтнымі прадстаўнікамі Святога Пасаду і Рэспублікі Беларусь быў падпісаны і ўступіў у сілу адпаведны міжнародны дакумент.

На працягу некалькіх апошніх гадоў адносіны паміж бакамі развіваюцца вельмі дынамічна. Сустрэчы афіцыйных асобаў сталі правілам, а не рэдкасцю, трывае ўзаемны дыялог па разнастайных пытаннях, прычым ініцыятыва паходзіць з абудвух бакоў.

У 2015 г. Беларусь наведваў з афіцыйным візітам кардынал Пьетра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы. У 2016 г. візіт у Ватыкан здзейніў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, у Ватыканскіх музеях прайшла беспрэцэндэнтная выстава беларускага іканапісу, былі вызначаны напрамкі супрацоўніцтва ў культурнай сферы.

Важныя падзеі адбыліся таксама на працягу некалькіх апошніх месяцаў. Напрыканцы верасня 2017 г. Мінск стаў месцаў правядзення пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы. 4 кастрычніка ў беларускай сталіцы быў урачыста адкрыты новы будынак Апостальскай нунцыятуры.

У цырымоніі інаўгурацыі дыпламатычнага прадстаўніцтва прымаў удзел арцыбіскуп Анджэла Бэчу, субстытут Дзяржаўнага сакратара Апостальскай Сталіцы па агульных пытаннях. У рамках свайго візіту ў Мінск ён сустракаўся з Міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Макеем.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку