Пантыфік правёў размову з бірманскім епіскапатам

Каталіцкі Касцёл у М’янме павінен адыгрываць канструктыўную ролю ў жыцці грамадства, выказваючыся па пытаннях, якія маюць нацыяльны інтарэс, асабліва баронячы годнасць і правы ўсіх жыхароў краіны, адзначыў Францішак 29 лістапада падчас сустрэчы з бірманскім епіскапатам ў сядзібе арцыбіскупа Янгона.

Пантыфік заахоціў Касцёл у М’янме даваць штодзённае евангельскае сведчанне праз адукацыйныя і дабрачынныя ініцыятывы, абарону правоў чалавека і падтрымку дэмакратычных прынцыпаў. Прапаведванне Евангелля павінна суправаджацца спрыяннем “адзінству, любові і аздараўленню” жыцця народа. Касцёл павінен быць сапраўдным “палявым шпіталём”, каб лячыць раны і душы. “Гэта ваша першае місія: лячыць параненых!”, — падкрэсліў Пантыфік.

Іншая парада тычылася важнасці блізкасці пастыраў да вернікаў. Сапраўдны пастыр павінен мець “пах сваіх авечак”, а таксама “пах Бога”, заўважыў Святы Айцец і дадаў, што асаблівага душпастырскага суправаджэння патрабуе моладзь, якую трэба вучыць “здаровым маральным прынцыпам”.

Католікі ў М’янме не павінны хавацца ці займаць пасіўную пазіцыю, нягледзячы на тое, што з’яўляюцца меншасцю. Трэба прысутнічаць у грамадскім жыцці і клапаціцца пра самых бедных і ўразлівых. Нельга таксама маўчаць перад абліччам парушэння правоў чалавека, адзначыў Папа.

Францішак заклікаў біскупаў “захоўваць раўнавагу паміж фізічным і духоўным здароўем”. “Малітва – гэта першае заданне біскупа. Кожны з нас павінен пытацца ў сябе вечарам, падчас рахунку сумлення: колькі гадзін я маліўся сёння?”, — сказаў Папа і заклікаў памятаць у малітве і пра яго.

Ватыканскае радыё

для друку для друку