- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Пантыфік пра значэнне Вызнання веры і Малітвы вернікаў

[1]Вызнанне веры і Агульная малітва, якая завяршае Літургію слова, былі тэмай катэхезы Папы Францішка падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 14 лютага ў Ватыкане. Працягваючы знаёміць вернікаў са структурай св. Імшы, ён нагадаў пра важнасць уважлівага слухання Божага слова і пажадаў, каб Малітва вернікаў ахоплівала ўсе патрэбы касцёльнай супольнасці і свету. 

“Кожны з нас, калі ідзе на св. Імшу, мае права ў поўнай меры атрымаць добра прачытанае, добра абвешчанае, а затым, добра патлумачанае ў гаміліі Божае слова. Гэта права! Калі Божае слова не было добра прачытана, калі не было з запалам абвешчана дыяканам, святаром ці біскупам – тады было парушана права вернікаў. Мы маем права чуць Божае слова. Пан прамаўляе да ўсіх, пастыраў і вернікаў. Ён стукае ў сэрцы тых, хто ўдзельнічае ў св. Імшы, незалежна ад іх жыццёвага стану, узросту, сітуацыі. Пан суцяшае, кліча, стварае парасткі новага і паяднанага жыцця. Яго слова стукае ў наша сэрца і перамяняе яго”, — сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што момант цішыні, які наступае пасля гаміліі, дазваляе “атрыманаму зерню асесці ў душы”, каб “нарадзілася жаданне далучыцца да таго, што Святы Дух прапануе кожнаму”. Затым усе ўдзельнікі нядзельнай св. Імшы прамаўляюць Вызнанне веры Касцёла, якое з’яўляецца супольным адказам на тое, што было пачута ў Божым слове.

“Існуе блізкая сувязь паміж слуханнем і верай. Яны спалучаныя. Вера, насамрэч, не нараджаецца праз фантазіі ў чалавечым розуме, але, як нагадавае св. Павел, “ад пачутага, а пачутае – праз слова Хрыста” (Рым 10,17). Такім чынам вера ўмацоўваецца слуханнем і вядзе да сакрамэнту. Таму прамаўленне “Credo” дазваляе літургічнаму сходу “ўшанаваць і вызнаць вялікія таямніцы веры перш, чым распачнецца іх цэлебрацыя ў Эўхарыстыі”, — сказаў Папа Францішак, спасылаючыся на “Агульныя ўводзіны для Рымскага Імшала”.

Святы Айцец заўважыў, што адказам вернікаў на прынятае з верай Божае слова з’яўляецца Агульная малітва або Малітва вернікаў, якая ахоплівае патрэбы Касцёла і свету.

“Айцы Другога Ватыканскага Сабора пажадалі аднавіць гэту малітву пасля Евангелля і гаміліі, асабліва ў нядзелі і абавязковыя святы, “каб з удзелам вернікаў адбываліся малітвы за святы Касцёл, за тых, хто намі кіруе, за тых, хто знаходзіцца ў розных патрэбах, а таксама за ўсіх людзей і за збаўленне ўсяго свету”. Таму, пад кіраўніцтвам святара, які пачынае і звяршае яе, “народ, выконваючы абавязак свайго атрыманага праз хрост святарства, ахвяруе Богу малітвы за збаўленне ўсіх людзей”, — нагадаў Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што “просьбы марнага характару не ўзносяцца да Неба, падобна як нявыслуханымі застаюцца просьбы, сканцэнтраваныя на сабе”. “Інтэнцыі, у якіх закліканы маліцца верны люд, павінны выражаць канкрэтныя патрэбы касцёльнай супольнасці і свету, пазбягаючы карыстання ўмоўнымі і блізарукімі формуламі. “Паўсюдная” малітва, якая завяршае Літургію слова, заклікае нас з’яднацца з позіркам Бога, Які клапоціцца пра ўсіх сваіх дзяцей”, — сказаў Папа.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Пантыфік нагадаў аб тым, што ў Каталіцкім Касцёле пачынаецца Вялікі пост. Ён заклікаў моладзь пражыць гэты час ласкі як вяртанне да любові Айца, які чакае ўсіх; хворых – ахвяроўваць свае пакуты за навяртанне далёкіх ад веры людзей; а маладых сужонкаў – будаваць свае сем’і на скале Божай любові.

Ватыканскае радыё [2]