Пантыфік патэлефанаваў мэру Ніцы і прапанаваў дапамогу

papaФранцішак патэлефанаваў мэру французскай Ніцы Крысціяну Эстразі. Ён выказаў свой боль з прычыны тэрарыстычнага нападу, які “параніў” гэты горад, і спытаў, ці можа нейкім чынам дапамагчы яго жыхарам.

Папа таксама паведаміў, што ў любы момант гатовы сустрэцца ў Ватыкане з сем’ямі загінулых.
Пасля размовы мэр напісаў на “Twitter”: “Я ўзрушаны званком ад Папы, які патэлефанаваў, каб запэўніць у сваіх малітвах за жыхароў Ніцы і сем’і загінулых”.

Падчас нядзельнай малітвы “Анёл Панскі” Святы Айцец даверыў Богу ўсіх ахвяр гэтай, паводле яго слоў, разні. Ён маліўся таксама, каб добры Бог адхіліў любыя планы тэрору і смерці, каб ніхто не асмеліўся больш праліваць крыві брата.

Увечары 14 ліпеня 2016 г. у Ніцы быў здзейснены тэракт. Грузавы аўтамабіль урэзаўся ў натоўп людзей, пасля чаго вадзіцель адкрыў агонь па прахожых. Ахвярамі злачынства сталі 84 чалавека, яшчэ каля 200 атрымалі раненні. Сярод пацярпелых – не менш за 54 дзіцяці.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку